Серада, 11 Верасень 2019

“Лукашэнка павінен сысьці!” У Віцебску прайшоў першы перадвыбарчы пікет пад нацыянальным сьцягам

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)
Пікет у Віцебску Пікет у Віцебску

У цэнтры гораду, каля гандлёвага цэнтру “Кантынэнт”, 10 верасьня адбыўся першы перадвыбарчы пікет пад бел-чырвона-белым сьцягам. Подпісы зьбіралі за вылучэньне ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты адразу чатырох віцяблян. За дзьве гадзіны падпісаліся некалькі дзясяткаў чалавек.

Першым пунктам на плякаце Уладзімера Кійко, які вырашыў удзельнічаць у парлямэнцкай кампаніі як самавылучэнец, пазначана: “Лукашэнка павінен сысьці!”

Па словах Уладзімера, людзі моцна стаміліся ад рэжыму Лукашэнкі і разумеюць, што большасьць праблем зьвязаная менавіта з гэтай пэрсонай.

“Вядома, можна выступаць за зьніжэньне пэнсійнага веку, за адмену дэкрэта аб дармаедзтве, падымаць іншыя праблемы, якія хвалююць людзей. Але трэба разумець, што, пакуль дзейны прэзыдэнт знаходзіцца ва ўладзе, вырашыць іх будзе бадай што немагчыма”, – кажа патэнцыйны кандыдат у дэпутаты.

 

“Не хачу, каб тэлефанавалі з КДБ…”

Сур'ёзных інцыдэнтаў падчас пікету не адбылося, але тры чалавекі ў цывільным вялі відэазапіс на камэру. Падыходзіў таксама чалавек, які папрасіў паказаць Кійко пашпарт і пасьведчаньне сябраў ініцыятыўнай групы. Зборшчыкі подпісаў мяркуюць, што гэта падыходзіў супрацоўнік КДБ. Быў дужа ветлівы і карэктны. Сказаў, што хоча паставіць подпіс, але, праверыўшы дакумэнты, перадумаў і сышоў.

Пікет здымалі на відэа людзі ў цывільным

Падыходзіў таксама кіраўнік ГЦ “Кантынэнт”. Назваўшыся Валянцінам Кульковым, ён пацікавіўся, ці санкцыянаваны пікет, і заявіў, што зборшчыкі подпісаў знаходзяцца на прыватнай тэрыторыі, якая адносіцца да гандлёвага комплексу. Папрасіў адысьці далей ад будынку.

“Нічога супраць вас ня маю, але не хачу, каб заўтра мне патэлефанавалі з КДБ і запыталіся, чаму я дапусьціў, каб тут знаходзіўся ваш сьцяг”, – тлумачыў Кулькоў.  Атрымаўшы ветлівую адмову, таксама сышоў.

 

“Там пра Лукашэнку кепска напісана…”

Подпісы на пікеце зьбіраліся яшчэ за трох магчымых кандыдатаў – Уладзімера Мацкевіча, Алега Паўлава і Сьвятланы Германенкі.

Людзі рэагавалі па-рознаму. Нехта аддаваў свой подпіс лёгка і бяз страху, а хтосьці казаў, што згодны з пазыцыяй кандыдата, але подпіс не паставіць, бо баіцца, што звольняць з працы. Некаторыя прасілі іх не фатаграфаваць і не здымаць на відэа. Адзін малады хлопец патлумачыў, што ставіць свой подпіс, таму што ня хоча “каб Беларусь увайшла ў склад Расеі”. Шмат хто зь віцяблян назіраў за пікетам здалёк.

Падчас збору подпісаў

"Што тут сказаць – людзі напалоханыя. Я сёньня пайшоў у копіцэнтар, каб надрукаваць плякат, скінуў ім файл – усё добра, папрасілі прыйсьці праз паўгадзіны. Прыходжу праз 30 хвілін, а яны мне: не, надрукаваць ня можам, бо там пра Лукашэнку кепска напісана… Зрабіў плякат у іншым месцы, але – чорна-белы”, – расказаў Уладзімер Кійко.   

Для рэгістрацыі ў якасьці кандыдата трэба сабраць як мінімум 1000 подпісаў. На гэта даецца амаль месяц. Паводле Кійко, чыя ініцыятыўная група складаецца з 39 сябраў, пікеты па зборы подпісаў будуць ладзіцца штодзень у розных частках гораду. Подпісы плянуюць зьбіраць і шляхам абыходу кватэр віцяблян.  

Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара

 

Ці спадабалася? Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!