Паседжаньне, на якім былі сфармаваныя абласная і 14 акруговых камісій, прайшло ў Віцебску 1 верасьня. Партыя БНФ вылучала ў склады камісій 5 сваіх сябраў, але патрапілі туды толькі 2 сябры. Тое, што яшчэ тры кандыдаты ад БНФ былі адхіленыя, партыя палічыла незаконным і несправядлівым.
На судзе бок заяўніка прадстаўляў кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Канстанцін Смолікаў. З боку адказчыка ўдзельнічалі прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкаму Алія Чарыева і Аляксандар Бутараў.
Адзначым, што працэс вёўся (судзьдзя Натальля Лях) на беларускай мове, але прадстаўнікі ўладаў адказвалі па-расейску.
Партыя БНФ прасіла суд прызнаць рашэньне прэзыдыюму Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкаму ад 1 верасьня аб утварэньні Віцебскай абласной і акруговых выбарчых камісій незаконным. Сьцьвярджалася, што гэтае рашэньне парушае правы заяўніка. Прадстаўнік БНФ прасіў таксама суд абавязаць улады прыняць новае рашэньне і ўключыць у акруговыя выбаркамы сябраў партыі Тамару Карызну і Хрыстафора Жаляпава, а ў абласную выбарчую камісію – Канстанціна Смолікава.
На судзе Канстанцін Смолікаў зьвярнуў увагу на тое, што, паводле Выбарчага кодэксу, калі прэтэндэнтаў больш, чым месцаў у камісіі, то мусяць адбывацца абмеркаваньні кожнай кандыдатуры, а пасьля – галасаваньне. Ніякіх абмеркаваньняў кандыдатур на паседжаньні 1 верасьня, па словах Смолікава, не праводзілася. І гэтым, на думку сябра БНФ, улады груба парушылі выбарчае заканадаўства.
Прадстаўнічка аблвыканкаму Алія Чарыева пацьвердзіла, што абмеркаваньне сапраўды зьвялося толькі да агучваньня фармальных зьвестак. Спаслалася на тое, што абмеркаваньне кожнай кандыдатуры заняло б шмат часу. Да таго ж, на яе думку, нідзе ў заканадаўстве не прапісана дакладна, якім чынам трэба праводзіць такія абмеркаваньні.
Выслухаўшы аргумэнты бакоў, судзьдзя Натальля Лях пастанавіла пакінуць скаргу БНФ без задавальненьня.
Уладзімер Бяляўскі