На сёньняшні час працоўная група з амаль дваццаці аналітыкаў распрацавала праект Закону «Аб унясеньні зьменаў і дадаткаў у Выбарчы кодэкс». Цяпер у рэгіёнах краіны ідзе яго абмеркаваньне. Магчымасьць падкарэктаваць зробленае працоўнай групай яшчэ застаецца, трэба толькі давесьці слушнасьць сваіх прапановаў.
Асноўная задача, якую ставяць перад сабой распрацоўшчыкі, – улучыць праект Закону у парадак дня восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў.
Першая панэльная дыскусія
Пасьля абвяшчэньня парадку правядзеньня дыскусіі Анатоль Лябедзька прадставіў прысутным чатырох мясцовых сьпікераў: старшыню абласной партыйнай арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалая Селівашку, кіраўніка абласной арганізацыі БНФ Кастуся Смолікава, прадстаўніцу БХД Ірыну Захараву і наладжвальніцу сустрэчы, кіраўніцу Віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП Ірыну Яскевіч.
Кожны са сьпікераў выказаў свае думкі што да апошніх выбараў у параўнаньні з ранейшымі электаральнымі кампаніямі.
Першай прамаўляла Ірына Захарава, якая балятавалася ў Віцебскі гарадзкі савет і назірала за ходам галасаваньня на адным з выбарчых участкаў. Як яна адзначыла, сёлетняя кампанія адзначылася непрыхаваным нахабствам з боку сяброў выбарчых камісіяў. Фальсыфікацыі, укіды бюлетэняў, падробкі пратаколаў, прыпіскі, парушэньні правоў назіральнікаў сталі неад'емнай часткай выбарчага працэсу.
Ірына Яскевіч казала пра шырокае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу і стварэньне няроўных магчымасьцяў для праўладных кандыдатаў і прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў ды рухаў. Разам з тым яна заклікала нават і ў гэткіх неспрыяльных умовах шукаць новыя падыходы дзеля здабыцьця сымпатыяў выбаршчыкаў.
Мікалай Селівашка адзначыў, што сёлетні працэс фармаваньня камісіяў не адрозьніваўся ад мінулых выбарчых кампаніяў. Часам яны фармаваліся нават з парушэньнем заканадаўства, бо ў іх склад уваходзілі прадстаўнікі выканаўчай улады. Па-ранейшаму, за рэдкім выключэньнем, у склад камісіяў не дапускаліся сябры дэмакратычных арганізацыяў краіны.
Кастусь Смолікаў ацаніў працэс назіраньня за выбарамі. Паводле яго словаў, магчымасьць назіраць за падлікам галасоў была забясьпечаная выключна на тых участках, дзе назіраньне вялося толькі ў дзень выбараў. А вынікі галасаваньня на ўчастках, дзе назіральнікі прысутнічалі, значна адрозьніваліся ад лічбаў на астатніх участках.
Другая панэльная дыскусія
У другой частцы мерапрыемства Анатоль Лябедзька прадставіў новых сьпікераў: кіраўніка кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктара Карніенку, намесьніка старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Зьмітра Кучука і намесьніка старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валера Ухналёва. Усе яны – чальцы працоўнай групы, якая распрацавала праект закону.
Першым выказаўся Віктар Карніенка. Ён патлумачыў, што сябры дэмакратычных партыяў, якія распрацавалі гэты праект, ад пачатку добра разумелі, што простых рашэньняў дэмакратызацыі беларускай выбарчай сыстэмы не існуе. Далей палітык патлумачыў лёгіку працы, якой кіраваліся распрацоўшчыкі, і якія чатыры пытаньні былі вызначаныя, як найгалоўнейшыя:
- Гарантаванае сяброўства ў камісіях
– Трэба гарантаваць права прадстаўнікам палітычных інстытутаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, мець сваё сяброўства ў камісіях. І тут ужо ня важна: ці тое прадстаўнікі партыяў, ці прадстаўнікі кандыдатаў.
- Правы назіральніка
– Назіральнік не павінен быць «мэбляй» у выбарчым працэсе. Ён мусіць бачыць зьмест кожнага бюлетэня і фіксаваць гэта любымі даступнымі сродкамі. Калі ў камісіі ня жулікі, дык чаго ім баяцца фотаздымкаў? Сябра камісіі – удзельнік палітычнага працэсу. А ня хочаш, каб цябе здымалі, – сядзі дома.
- Датэрміновае галасаваньне
– Мы выступілі не за адмену датэрміновага галасаваньня, а за яго рэглямэнтаваньне і навядзеньне парадку. У нас няма тундры, акіянаў, а беларускія палярнікі могуць прагаласаваць за дзьве гадзіны.
- Працэдура падліку галасоў
– Паколькі ёсьць недавер да беларускіх выбараў, то працэдура падліку мусіць быць расьпісаная. На думку кіраўніка Цэнтрвыбаркаму, гэта патрабуе зьменаў у заканадаўстве. Падумайце толькі: каб лічыць галасы, трэба зьмяняць заканадаўства. Выходзіць, сёньня яно не прадугледжвае працэдуру падліку галасоў.
Гэтыя чатыры пункты трэба лічыць толькі першым крокам да ўдасканаленьня выбарчай сыстэмы, але з гэтага трэба пачынаць.
Валер Ухналёў, выказваючы свае заўвагі, зазначыў, што ўсе зьмены, якія прапануюцца, мусяць быць дэмакратычнымі. Вядома, што датэрміновае галасаваньне існуе ў большасьці разьвітых краінаў. Там можна прагаласаваць і за месяц, і за два да асноўнага дня выбараў, і нават праз пошту.
– У большасьці выпадкаў замежнікі не разумеюць, чаму трэба адмяняць такую дэмакратычную норму. Таму норму мы пакідаем, але раглямэнтуем працэдуру. Мо ва ўлады застануцца магчымасьці для фальсыфікацыяў, але яны ўжо ня будуць такімі яўнымі. Мы прапануем правядзеньне датэрміновага галасаваньня на адным участку ў акрузе. Гэта пытаньне кантролю. І другое, у цябе мусіць быць дакумэнт, які пацьвердзіць, што ты ня ў стане прыйсьці на выбары ў асноўны дзень галасаваньня.
Зьміцер Кучук выказаўся наконт гарантаванага права прадстаўніцтва ў камісіях і агучыў погляд камісіі пра працэдуру падліку галасоў:
– Працэдуру падліку галасоў трэба дасканала расьпісаць. Назіральнік мусіць бачыць, за каго пастаўленая птушка ў кожным бюлетэні; а сябра камісіі, які дэманструе бюлетэнь, абавязаны голасна абвясьціць, за каго прагаласаваў выбаршчык. І гэта можна ўсё адрэгуляваць пастановай Цэнтрвыбаркаму, без усялякіх зьменаў у Выбарчы кодэкс. І калі працэдура будзе выконвацца, то беларуская апазыцыя можа прызнаць вынікі выбараў.
Дзейны прынцып фармаваньня выбарчых камісіяў выклікае шмат нараканьняў. Фармальна выконваючы заканадаўства, улада не дапускае апазыцыйных прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў. Праект зьменаў прапануе падчас фармаваньня камісіяў у першую чаргу ўключаць у іх склад прадстаўнікоў палітычных партыяў, якія вылучылі сваіх кандыдатаў.
Пасьля таго, як прамоўцы выказаліся, з залі прагучала нямала пытаньняў, парадаў і прапановаў.
Так, партыйны актывіст Аляксей Гаўруцікаў запатрабаваў назваць заказчыка праекту. Анатоль Лябедзька адказаў, што калектыўным заказчыкам ёсьць амаль сем мільёнаў беларускіх выбаршчыкаў, якія прагнуць сумленных і дэмакратычных выбараў.
Праваабаронца Павал Левінаў прапанаваў свае ўдакладненьні ў праект, што тычацца правоў назіральніка, парадку фармаваньня камісіяў і нюансаў датэрміновага галасаваньня.
Кіраўнік абласной арганізацыі руху «За свабоду» Леанід Гаравы з Гарадка зважыў, што пры любых зьменах у Выбарчы кодэкс гэтая ўлада ўсё адно будзе фармаваць такія камісіі, якія б рабілі імітацыю выбарчага працэсу. Ён падкрэсьліў, што заганяючы людзей на датэрміновае галасаваньне, улада парушае прынцып свабоднага волевыяўленьня. Разам з тым парушаецца і таямніца выбару, бо выбарчыя камісіі падаюць кіраўнікам прадпрыемстваў сьпісы выбаршчыкаў, якія датэрмінова яшчэ не прагаласавалі.
Паўдзельнічаць у дыскусіі меў магчымасьць кожны прысутны, з чаго шмат хто і скарыстаўся. Па сканчэньні сустрэчы дыскусіі працягнуліся ў прыватным парадку.
https://vitebsk.dns.army/news/vybary/item/2876-u-vitsebsku-abmerkavali-praekt-zmenau-u-vybarchy-kodeks#sigProId79bd669fc0
С. Горкі