Віцебская сустрэча стала першай з шэрагу заплянаваных, якія мусяць прайсьці ў буйных гарадох краіны.
Паслухаць сталічнага палітыка прыйшлі некалькі дзясяткаў мясцовых актывістаў з розных партыяў і структураў – прадстаўнікі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», руху «За свабоду» і іншых.
На пачатку дыскусіі зь невялікім вітаньнем выступіў кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў.
Кастусь Смолікаў, Аляксей Янукевіч
Затым слова ўзяў Янукевіч. У сваёй прамове ён абмаляваў цяперашнюю сацыяльную і палітычную сытуацыю ў краіне, пазначыў, якія задачы і пагрозы сёньня стаяць перад дэмакратычнай супольнасьцю Беларусі, ды што трэба рабіць, каб пазьбегнуць магчымых праблемаў. Палітык прыгадаў асноўныя моманты прэзыдэнцкіх кампаніяў мінулых гадоў, зьвярнуў увагу на зробленыя памылкі і пралікі, даў характарыстыкі былым кандыдатам ад апазыцыі.
У выніку выступ госьця паступова перацёк у самапрэзэнтацыю як магчымага кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду на наступных выбарах, якія, найхутчэй, пройдуць у Беларусі ў 2020 годзе. Паводле словаў Аляксея, ужо ёсьць папярэдняя згода кіраўніцтва партыі на яго вылучэньне. Ён прызнаўся, што ня мае вялікіх рэсурсаў на правядзеньне поўнамаштабнай кампаніі і што ў цэлым «да найбліжэйшых прэзыдэнцкіх выбараў беларуская апазыцыя падыходзіць у самым дрэнным стане з моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады». І, тым ня менш, лічыць свой удзел у выбарах неабходным. Раней пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі ўжо заявілі Павал Севярынец, Вольга Кавалькова і некалькі іншых палітыкаў.
Пасьля выступу Аляксея надышоў час пытаньняў і дыскусіі. Найбольш вострыя пытаньні тычыліся разьяднанасьці апазыцыі і яе жаласнага стану.
На думку многіх актывістаў, неабходна не распыляць сілы, як гэта было на ўсіх апошніх выбарах, а аб'яднацца і вылучыць адзінага кандыдата ад апазыцыі – таго, хто б мог найбольш эфэктыўна і пісьменна правесьці кампанію. Сябра партыі БНФ Аляксей Гаўруцікаў выказаў прапанову аб'яднацца ўсім кандыдатам пад поўны байкот выбараў. Гэта дасьць магчымасьць ня толькі моцна панізіць яўку на ўчастках, якая, дарэчы, і так нізкая, але і вывесьці людзей на плошчу ў дзень выбараў. Але Янукевіч адпрэчыў і ідэю байкоту, і магчымае аб'яднаньне зь іншымі кандыдатамі.
Аляксей Гаўруцікаў
Тацяну Севярынец, каардынатарку па Віцебскай вобласьці аргкамітэту БХД, цікавіла пытаньне, чаму партыя БНФ зьняла ахову з рэстарацыі «Паедзем паядзім» у Курапатах. На яе думку, партыя зрабіла не зусім прыгожа, калі спачатку разам зь іншымі структурамі прыняла рашэньне ўдзельнічаць у гэтым супрацьстаяньні, а пасьля з надуманых прычынаў адмовілася. Яна нават выказала думку, што БНФ прадалася за грошы, якія нібыта нехта прапаноўваў абаронцам Курапатаў, каб яны адмовіліся ад свайго пратэсту: «Нейкія сто тысяч даляраў камусьці прапанавалі. І я вырашыла, што купілася БНФ цалкам. У мяне такое было расчараваньне. Такі гамон!» – абуралася яна.
Тацяна Севярынец
Гучалі і іншыя пытаньні – аб прыцягненьні новых прыхільнікаў у партыю, пра рэальнасьць збору неабходных ста тысяч подпісаў для вылучэньня, пра неабходнасьць працы з насельніцтвам і г.д.
Разыходзіліся віцебскія актывісты зь невялікім расчараваньнем. «Няўжо ўсё будзе, як і мінулымі разамі?» – безнадзейна запытваў нехта.
Хутчэй за ўсё, апазыцыйныя кандыдаты так і ня змогуць дамовіцца паміж сабой, усё адбудзецца паводле старой схемы, і вынік будзе той жа.
Сам Аляксей сказаў, што будзе лічыць сваёй перамогай калі «па выніках гэтых прэзыдэнцкіх выбараў адзіная грамадзкая дыскусія ў краіне будзе па пытаньні, як ўмацоўваць незалежнасьць». Але ці магчыма дасягнуць гэтай мэты, і навошта дзеля гэтага вылучацца ў кандыдаты ў прэзыдэнты – не зусім зразумела.
Уладзімер Бяляўскі