У абмеркаваньні ўдзельнічалі прадстаўнікі партыі «Надзея», «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» і Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Кіраўнікі абласных арганізацыяў партыі БНФ і руху «За свабоду» з розных прычынаў на сустрэчы не прысутнічалі, але заявілі пра свой намер далучыцца да круглага стала.
Актуальнасьць тэмы выбарчага заканадаўства пацьвердзілі прыклады, якія агучылі ўдзельнікі сустрэчы. Так, актывістка БХД Ірына Захарава распавяла пра асабісты досьвед, атрыманы падчас назіраньня за выбарчым працэсам. Яна заявіла, што, улічваючы размах правапарушэньняў і малаэфэктыўнасьць законных шляхоў супрацьстаяць ім, ёсьць неабходнасьць надаць назіральнікам права фіксаваць парушэньні з дапамогай відэакамэр.
– Відэафіксацыю мусіць забясьпечыць сама ўлада, калі яна насамрэч дбае пра легітымізацыю вынікаў выбараў. Чаму ў Расеі ёсьць камэры, а ў нас няма? Улада ж любіць Расею, чаму тады не бярэ адтуль лепшае? Я была назіральніцай ў 46-й школе – гэта невыносна. Разам з напарніцай, кожны сам па сабе, лічылі колькасьць выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні. У мяне атрымаўся 361 наведнік, у яе – 360, а па зьвестках камісіі ў пратаколе значылася 584 наведнікі. Гэта абуральна! Я тры скаргі занесла ў пракуратуру. Адказ: усё нармальна, – зазначыла Ірына Захарава.
Заўвагі, выказаныя Ірынай Захаравай, выклікалі буру эмоцыяў і стымулявалі далейшае абмеркаваньне.
Вынікі сустрэчы пракамэнтавала старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Ірына Яскевіч:
– Так, трэба ўзаконіць відэакамэры і відэаназіраньне на выбарчых участках. Свае прапановы мы мяркуем перадаваць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а перад тым будзем абмяркоўваць больш дэталёва іх са спэцыялістамі. Кожная партыя падрыхтуе да круглага стала свае прапановы.
Асноўная наша бяда – датэрміновае галасаваньне. Паўсюль гэта адзнака дэмакратыі, а ў нас – гэта магчымасьць фальсыфікацыяў. Таму нашая прапанова была: адзін-два дні папярэдняга галасаваньня на нейкім адным участку ў горадзе, куды людзі змогуць прыйсьці, ведаючы дакладна, куды яны там ад'яжджаюць. Партыі выкажуць свае прапановы, мы прымем кааліцыйнае рашэньне і падтрымаем подпісамі партыйных прадстаўнікоў гэтыя пачынаньні.
У нас няма вясёлкавых думак пра тое, што ўжо заўтра пачнуцца нейкія перамены, але я мяркую, што вялікім плюсам ёсьць ужо сёньняшняя сустрэча, на якой мы заручыліся ўзаемнай падтрымкай.
С. Горкі