Аўторак, 06 Кастрычнік 2015

У Воршы з участкаў выдалілі каля 30 назіральнікаў «Справядлівага сьвету»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Выдаленьне адбылося ў першы дзень датэрміновага галасаваньня, хоць да гэтага дня праблемаў з рэгістрацыяй і наведваньнем выбарчых участкаў не паўставала. Выдаленьне з участкаў было абгрунтаванае тым, як кіраўнікі камісіяў зразумелі партыйныя пратаколы аб вылучэньні ў назіральнікі, кажа старшыня Віцебскай абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка.

Мікалай Селівашка: «Ва ўсіх пратаколах па вылучэньні ў назіральнікі напісана, што чалавека накіроўваюць назіраць „на Выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 11 кастрычніка 2015 году“ – менавіта такую поўную назву маюць сёлетнія выбары. Так пішацца і на сайце Цэнтравыбаркаму. Аднак сёньня людзям заявілі, што яны маюць права назіраць за выбарамі толькі на працягу аднаго дня – 11 кастрычніка. Маўляў, у вас саміх так напісана. Назіральнік мае права назіраць за выбарчым працэсам на ўсім яго працягу, калі ў пратаколе асобна не агаворана, што ён накіроўваецца на адзін дзень ці на шэсьць дзён. У нашых пратаколах аніякіх такіх агаворак не было. Мы проста назвалі падзею так, як яе называе Цэнтравыбаркам».

Мікалай Селівашка цьвердзіць, што ні з чым падобным раней не сутыкаўся, хоць раней ня раз быў чальцом абласной выбарчай камісіі і вырашаў у гэтай якасьці розныя супярэчлівыя пытаньні. Выдаленьне партыйцаў-назіральнікаў выглядае ня як недарэчнасьць, а як нейкія сплянаваныя захады, лічыць кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі. Бо з усіх апазыцыйных партыяў менавіта партыя левых «Справядлівы сьвет» вылучыла самую вялікую колькасьць назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі Віцебшчыны.

svaboda.org