Прычына чарговай адмовы даць дазвол на правядзеньне масавых мерапрыемстваў – звычайная для Віцебску: арганізатары акцыяў не далучылі да сваіх заявак дамоваў зь міліцыянтамі, камунальнікамі і мэдыкімі на абслугоўваньне гэтых акцыяў. З гэтай прычыны ў Віцебску год за годам забараняюцца ўсе масавыя мерапрыемствы апазыцыі.
Як правіла, чыноўнікі спасылаюцца на рашэньне №881 Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 году, якое вымагае згаданых дамоваў. Але, здаецца, ім ужо самім надакучыла даваць стандартныя адказы, і гэтым разам яны аздобілі свае забароны на пікеты нейкай разнастайнасьцю. Цяпер у адказах «забаронцаў» ёсьць згадка ня толькі рашэньня гарвыканкаму, але і Закону «Аб масавых мерапрыемствах».
Так, намесьніца кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну паведаміла заяўнікам, што «ў адпаведнасьці з артыкулам 10 Закону было прынятае рашэньне Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 10 ліпеня 2009 г. № 881», а паводле гэтага рашэньня трэба мець дамовы.
Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну спаслаўся не на артыкул 10 (парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў), а на артыкул 6 (парадак разгляду заявы і вынясеньне наконт яе рашэньня) згаданага закону. «Зыходзячы з патрабаваньняў вышэйназваных дакумэнтаў, Вам не дазваляецца правядзеньне заяўленага мерапрыемства», – напісаў ён апазыцыянэрам.
Намесьніца ж кіраўніка Чыгуначнай раённай адміністрацыі Натальля Ляпёшкіна вырашыла зусім ня згадваць рашэньне №881, яе забарона грунтуецца нібыта выключна на законе: «Да вашай заявы не прыкладзеныя дамовы, прадугледжаныя артыкулам 6 закону,... у сувязі з чым вам забараняецца правядзеньне заяўленага масавага мерапрыемства». Дарэчы, адказ Ляпёшкінай – самы сьціслы. Як той казаў, сьцісласьць – сястра таленту. І, сапраўды, трэба было мець асаблівы талент, каб знайсьці ў Законе «Аб масавых мерапрыемствах» дамовы, якія нібыта ім прадугледжаныя. Бо ані ў 6-м артыкуле, на які спасылаецца Ляпёшкіна, ані ў якім іншым артыкуле закону ніводнага разу слова «дамова» не ўжываецца.