Панядзелак, 25 Снежань 2017

Сябры партыі “Справядлівы сьвет” правялі ў Віцебску чарговы перадвыбарчы пікет

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

За асноўныя мэты мерапрыемства пікетоўцы ўзялі азнаямленьне гараджанаў з партыйнымі вылучэнцамі і збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Пікет праходзіў у прасторы паміж прыпынкам грамадзкага транспарту і гандлёвым цэнтрам “Марка-Сіці”.

Прымацаваная на азнаямленчым пляншэце інфармацыя паведамляла, што Беларуская партыя левых “Справядлівы сьвет” вылучае ў аблсавет і гарсавет чацьвярых сваіх кандыдатаў: эканаміста па адукацыі Сяргея Трацьцьякова, падпалкоўніка ў адстаўцы Вадзіма Кузьміна, доктара Аляксандра Вінаградава, юрыста Яўгена Інца. З чатырох патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты на пікеце прысутнічаў толькі Вадзім Кузьмін, які зьбіраў подпісы ў сваю падтрымку.

І хаця разьмясьціліся партыйныя актывісты ў досыць бойкім месцы, багатым на чалавечую прысутнасьць, цікавасьць да імпрэзы з боку грамадзянаў была ня надта высокай. Праўда, раз-пораз да партыйцаў падыходзілі тыя, хто быў ня супраць пагутарыць, і тады агульная атмасфэра ажыўлялася і наладжвалася злабадзённая размова. Можа, падсьвядома гэтаму спрыяла і само слова “справядлівы”, вынесенае ў назву партыі, бо тэма сацыяльнай справядлівасьці стала ці ні асноўнай сярод стыхійна ўзьнятых на пікеце.

Жыцьцё ў Беларусі, прасякнутае несправядлівасьцю, выклікае неўсьвядомлены пратэст грамадзянаў. І хаця яны ў асноўнай сваёй масе пакуль не наважваюцца на публічнае абмеркаваньне сацыяльных праблемаў, гэткага кшталту імпрэзы падбухторваюць іх да адкрытых выказваньняў. Нявырашаных праблемаў у сацыяльнай ды прававой сфэрах назапасілася нямала, і яны патрабуюць вырашэньня.

Так, мужчына сярэдняга веку скардзіўся на несправядлівасьць пры аплаце за міжкватэрную тэрыторыю. Ён пражывае адзін, а ў суседняй кватэры жыве ажно 5 чалавек. Вядома, што карыстаюцца міжкватэрнай пляцоўкай яны ў пяць разоў часьцей, але індывідуальная аплата залежыць чамусьці ад агульнага мэтражу кватэры.

– Я пагаджуся, калі лічыльнік ацяпленьня стаіць адзін на ўвесь дом, але калі лічыльнік ёсьць у кожнай кватэры, то мая аплата не павінна залежаць ад агульнага мэтражу кватэры. Гэткая ж сытуацыя была нядаўна і з аплатай за ліфт. Тады ліфты вазілі ня толькі нашы целы, але і наш мэтраж кватэры. У гэтым пытаньні абсурднае рашэньне адмянілі. Трэба і тут зьмяняць падыходы. Шкада, што ў краіне дасюль не існуе мэханізму хуткага рэагаваньня на непрадуманыя, некампэтэнтныя рашэньні ўладаў, за якія народ расплачваецца гадамі.

Не абмінулі і праблему мізэрных заробкаў:

– Да чаго дайшло? Нас змушаюць працаваць на трох працах. Прабачце, але няхай патлумачаць, чаму чалавек ня мае магчымасьці зарабіць прыстойныя грошы на адной працы?

 – Скажыце каму-небудзь на Захадзе пра гэты абсурд! Там беспрацоўныя ды ўцекачы атрымоўваюць большыя грошы па сацыяльнай дапамозе, чым мы на працы. А, крый Божа, захварэеш – кранты!

 – У Віцебску для большасьці людзей няма прыстойнай працы! Адкуль яны гэтыя 500 даляраў дадуць? І самае недарэчнае тое, што на паперы гэтыя пяцьсот даляраў уся адно выведуць і справаздачу Лукашэнку зробяць. З маіх знаёмых ніхто такіх грошай не атрымлівае. Нават у міліцыі ня кожны гэткую суму мае. Дарэчы, кажуць, што ўтрыманьне міліцэйскага сабакі абыходзіцца даражэй, чымся пэнсія для некалькіх сярэднестатыстычных пэнсіянэраў.

Такая вось сацыяльная справядлівасьць.

Разьвітваючыся, Вадзім Кузьмін паскардзіўся нашаму карэспандэнту, што многія грамадзяне папросту баяцца ставіць свае подпісы, зыходзячы з народнай мудрасьці, як бы чаго ня выйшла. Адзін маладзён нават запытаўся, а ці не арыштуюць яго за гэта. Вось такія яны, тутэйшыя выбары.

С. Горкі

1 камэнтар

  • Спасылка на Камэнтар Ольга Чацвер, 28 Снежань 2017 Дадаў Ольга

    Какая ересь!!! Один из этих деятелей как-то приходил к нам домой, собирал подписи, вернее пытался собирать. Ни на один мой вопрос - о семейном капитале, о детском пособии, о лекарствах для ребенка до трех лет - он не ответил. Зато с бахвальством рассказывал о своем образовании, как поднимет пенсии и т... Но мне что от этого. Как он может решить мои проблемы, если он в них ни в зуб ногой???? Раздражают такие пикеты и такие встречи....

    Паскардзіцца