Субота, 27 Жнівень 2016

Віцебск: кандыдат у дэпутаты ад «Справядлівага сьвету» паскардзіўся на акруговую выбарчую камісію

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Вадзім Кузьмін Вадзім Кузьмін

Акруговая камісія Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19 надрукавала і распаўсюдзіла ўлёткі і плякаты з загадзя непраўдзівай інфармацыяй, якая дыскрэдытуе кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», падпалкоўніка ў адстаўцы Вадзіма Кузьміна.

Вадзім Кузьмін мяркуе, што гэта не выпадкова: уладу крануў за жывое яго эпатажны выступ па тэлебачаньні з рэзкай крытыкай палітыкі, якая праводзіцца дзяржавай.

Канчатковы тэкст на агульнай ўлётцы і плякаце, якія выдаюцца для азнаямленьня выбаршчыкаў, звычайна ўзгадняецца з кандыдатамі ў дэпутаты. Аднак гэтым разам старшыня акруговай камісіі не зрабіў ласку ўзгадніць тэкст нават праз тэлефон.

Кажа Вадзім Кузьмін:

– З майго ранейшага досьведу магу сказаць, што крытэрыі адбору камісіяй інфармацыі для канчатковага тэксту плякату досыць дзіўныя. Напрыклад, на мінулых выбарах, у якіх я таксама ўдзельнічаў, мне заявілі, што інфармацыя пра тое, што я зьяўляюся ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС, яны апублікаваць ня могуць. Па сутнасьці, канчатковая рэдакцыя тэксту ўлёткі і плякату прымаецца ў цесным коле.

Распаўсюд інфармацыі пра маю судзімасьць мела месца і на папярэдніх выбарах. Тады пра гэта яны напісалі ў газэце. Мы пайшлі ў суд і дамагліся, каб перада мною выбачыліся праз газэту. А цяпер пра судзімасьць напісалі на плякатах і паразьвешвалі па ўсім горадзе. Нават калі мае заявы ў пракуратуру і абласную выбарчую камісію падзейнічаюць, то за чый кошт усё будзе выпраўляцца, хто адкажа за падачу загадзя непраўдзівай інфармацыі?

Бо найгалоўнейшае  – судзімасьць пагашаная. Я распавяду, што адбылося ў рэчаіснасьці і што гэта было за рабаваньне. Пражыўшы з жонкай дзесяць гадоў, мы вырашылі разьвесьціся. Яшчэ да разводу я прыйшоў у сваю кватэру ў яе адсутнасьць і забраў свае рэчы, якія яна не аддавала. Мая жонка скарысталася са свайго службовага становішча (яна працавала ў Міністэрстве па падатках і зборах) – патэлефанавала куды трэба, і мяне на тры месяцы закрылі ў СІЗА. Вось так у нас адміністрацыйную справу можна лёгка перавесьці ў крымінальную. І на судзе я нічога ня здолеў даказаць.

Я буду патрабаваць публічнага выбачэньня ад старшыні акруговай камісіі, зьняцьця улётак і плякатаў, вывешаных па ўсім горадзе, выданьня за кошт выбарчай камісіі новых з пазначэньнем інфармацыі пра пагашэньне судзімасьці.

Пэўную прадузятасьць угледжвае Вадзім Кузьмін і ў дзеяньнях супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі «Віцебск» падчас запісу яго радыёвыступу. Спачатку яму прапанавалі запісаць выступ у тэставым рэжыме. Выявілася, што выступ перавышае дапушчальнае час на сорак сэкундаў. Кандыдата папрасілі падкарэктаваць і скараціць тэкст. Паводле словаў спадара Кузьміна, падчас гэтага была створаная нэрвовая абстаноўка: яго падганялі, зважалі на тое, што застаецца мала часу, і калі ён не ўкладзецца ў сем хвілінаў, што засталіся, – яго наогул здымуць з этэру, бо неўзабаве павінен падысьці наступны кандыдат у дэпутаты. Пасьля паўторнага запісу высьветлілася, што ў яго засталося сорак сэкундаў часу, якія ён так і не дабраў.

Апроч зваротаў у пракуратуру і абласную выбарчую камісію Вадзім Кузьмін зьбіраецца паведаміць пра сваю сытуацыю назіральнікам ад АБСЭ.

С. Горкі