На Віцебшчыне 25 жніўня стала апошнім днём тэлевыступаў кандыдатаў у дэпутаты, і цяпер самы час рабіць першыя высновы і дзяліцца сваімі развагамі адносна агучанага патэнцыйнымі народнымі абраньнікамі. Зь дзясяткаў пачутых выступаў спынюся на адным і патлумачу, чаму менавіта на ім я засяродзіў сваю ўвагу.
Выступ Георгія Станкевіча, які балятуецца па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19, стаўся для мяне адным з самых пранікнёных, шчырых і праўдзівых зваротаў да выбарцаў, якія калі-небудзь мне даводзілася чуць наогул. Вось жа, са сваім кандыдатам я ўжо вызначыўся. Цяпер хачу патлумачыць, чаму менавіта такія людзі, як спадар Георгі, мусяць быць у найвышэйшым заканадаўчым органе дзяржавы.
Мяркую, кожны цьвярозы чалавек разумее, што ў парлямэнт мусяць трапляць людзі кампэтэнтныя, незалежныя, з моцным характарам, глыбокім розумам, веданьнем замежных моваў, са сфармаванымі дэмакратычнымі перакананьнямі. У ідэале – менавіта такія дэпутаты мусяць адстойваць нашы з вамі інтарэсы, а не інтарэсы буйнога бізнэсу ці кіроўных элітаў. На жаль, гэткіх людзей катастрафічна бракуе ў беларускім парлямэнце, – іх там, на маю думку, зусім няма. І такім абаронцам народных інтарэсаў бачыцца мне Георгі Станкевіч.
Хто глядзеў ягоны выступ, заўважылі, што ў адрозьненьне ад многіх іншых кандыдатаў не было ў ягоных словах ані самалюбаваньня, ані прыхаванага снабізму. Відаць было, што гаворыць ён пра набалелае, пра выпакутаванае ў асабістых роздумах і развагах. Гаворыць проста і даступна для кожнага, незалежна ад адукацыі. Відаць было, што несправядлівасьць нашага ладу жыцьця даўно не дае яму спакою.
Калі б выбарцы мелі магчымасьць ці жаданьне пазнаёміцца з ягонай паэтычнай і грамадзкай дзейнасьцю, то пабачылі б усю шматграннасьць ягонай творчай натуры, яе вялікі патэнцыял. Менавіта пра гэты патэнцыял казаў ён у сваім выступе, маючы на ўвазе нерэалізаваныя творчыя магчымасьці беларускага народу, выявіць якія ў поўнай меры не дазваляе палітычная сыстэма, што існуе тут.
Паводле словаў кандыдата ў дэпутаты, просты чалавек, які зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю любой краіны, стаў ў Беларусі сродкам для кансэрвацыі сыстэмы. Таму адной з найпершых задачаў дэпутацкага корпусу Георгі Станкевіч вызначыў прыняцьце законаў, якія мірным шляхам зьменяць цяперашнюю сыстэму. «Нам патрэбны закон аб прыватнай уласнасьці на зямлю. Нам не патрэбная такая армія чыноўнікаў. Выканаўчая вэртыкаль мусіць абірацца людзьмі, а не прызначацца зьверху», – заявіў ён у сваім выступе.
Спадар Георгі патлумачыў, што прычына крызысу – у адсутнасьці волі да пераменаў. Бюракратыя не жадае нічога мяняць. Дзеля гэтага арганізаванае масавае датэрміновае галасаваньне. Амаль сорак адсоткаў выбарцаў галасуюць датэрмінова – вялікая магчымасьць для маніпуляцыі лічбамі. Акром таго, больш за дзесяць адсоткаў галасуюць на даму.
«Тое, што адбываецца на Беларусі апошнімі дзесяцігодзьдзямі, – гэта ня выбары. Гэта недэмакратычная працэдура зацьверджаньня дзяржаўнага чыноўніка ў статусе дэпутата», – зазначыў выступоўца.
Калі б нашы з вамі галасы насамрэч лічылі, і людзі верылі ў праўдзівасьць выбарчай сыстэмы ды ўсьведамлялі адказнасьць за свой выбар, а іхныя вочы і розум не былі запарушаныя ідэалягічным пылам, то разам са мной за Георгія Станкевіча галасавала б пераважная большасьць.
Якаў Дрозд