Таксама ў сваіх заяўках апазыцыянэры запрасілі прадстаўнікоў раённых адміністрацыяў самім узяць удзел у імпрэзах, «каб пікетаваньне праходзіла з удзелам улады і ў месцы, вызначаным дзяржаўным органам». Прычына гэткага запрашэньня: згодна з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881, прынятым у 2009 годзе, каб зладзіць масавае мерапрыемства, неабходна заключыць дамовы на яго абслугоўваньне з ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі, што на практыцы зрабіць немагчыма; калі ж у арганізацыі і правядзеньні мерапрыемства бяруць удзел улады, такіх дамоваў ня трэба.
Усяго мяркуецца правесьці 21 пікет: па 7 у кожным з раёнаў гораду, пачынаючы з 5 верасьня і канчаючы днём асноўнага галасаваньня, 11 верасьня. Нягледзячы на тое, што актывісты КХП-БНФ пастаянна заяўляюць пра нелегітымнасьць цяперашніх беларускіх уладаў, яны ўсё ж зьбіраюцца выканаць загад мясцовых уладаў Віцебску, што да дазволеных месцаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў: усе пікеты мусяць адбыцца на пляцоўках, пазначаных у згаданым вышэй рашэньні гарвыканкаму № 881.
Нагадаем, у адрозьненьне ад іншых зарэгістраваных апазыцыйных партыяў, КХП-БНФ зьяўляецца пасьлядоўным прыхільнікам байкоту выбараў усіх узроўняў, што праходзяць у краіне пасьля рэфэрэндуму 1996 году, і зьменаў, якія яны лічаць незаконнымі, што ў выніку былі ўнесеныя ў Канстытуцыю. Падчас усіх выбарчых кампаніяў, што адбываліся апошнімі гадамі, віцебскія актывісты партыі раз за разам падавалі заяўкі на правядзеньне акцыяў у падтрымку байкоту, але ніводная іх заяўка не была задаволеная мясцовымі ўладамі. Некалькі разоў сябры партыі наважваліся на несанкцыянаваныя пікеты, за што прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці.