У сёлетнюю кампанію большасьць яе ўдзельнікаў аддалі перавагу вылучацца адным з трох магчымых спосабаў. Характэрна, што толькі 24 з 48 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў прадставілі ў выбаркамы подпісы грамадзян, тады як у ранейшую кампанію здолелі выканаць найбольш працаёмкую работу каля 75% такіх фармаваньняў. 14 прэтэндэнтаў дадаткова заручыліся падтрымкай працоўных калектываў. Пасьпяхова пераадолелі гэты этап кампаніі 63 вылучэнцы ад палітычных партыў, што амаль у два разы перавышае іх колькасьць на ранейшых парлямэнцкіх выбарах.
Прадстаўнікі васьмі партыйных арганізацыяў прэтэндуюць на дэпутацкія мандаты ад выбаршчыкаў Віцебскай вобласьці. Напярэдадні рэгістрацыі найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў (14) вылучыла Лібэральна-дэмакратычная партыя, далей па актыўнасьці ідуць Камуністычная партыя Беларусі (11), Аб'яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ (па 9), Беларуская патрыятычная партыя (7), Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» (6), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці (5), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (2).
Цяпер акруговыя выбаркамы правяраюць дакумэнты патэнцыйных кандыдатаў, якія паступілі, пасьля чаго будуць прымацца рашэньні наконт іх рэгістрацыі ў тэрмін да 11 жніўня ўключна.
Паводле дадзеных на 1 жніўня, больш за 100 нацыянальных назіральнікаў акрэдытавана выбаркамамі Віцебскай вобласьці для маніторынгу выбараў дэпутатаў ніжняй палаты парлямэнту. Зь іх 6 чалавек ужо працуюць пры абласной тэрытарыяльнай камісіі, 76 грамадзян адсочваюць сытуацыю ў акруговых выбаркамах. Абсалютная большасьць назіральнікаў (98 чалавек) зьяўляюцца прадстаўнікамі грамадзкіх аб'яднаньняў, а менавіта БРСМ, Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага Хэльсынскага Камітэту, РГА «Белая Русь», грамадзкага аб'яднаньня вэтэранаў, Беларускага саюзу жанчын і інш. Яшчэ 2 чалавекі акрэдытаваныя ад палітычнай партыі, яны абодва зьяўляюцца сябрамі Камуністычнай партыі Беларусі.
Сяргей Антонаў, vitvesti.by