На пытанне, ці хочуць яны лепшага жыцця з новымі кандыдатамі ў дэпутаты, мінакі ня толькі не адказвалі — проста адварочваліся і амаль што подбегам рушылі далей. Пара хлопцаў, убачыўшы, што пікетоўцы ставяць стэнд са сваімі партрэтамі і біяграфіямі, наўпрост заявілі, што яны баяцца стаяць побач, «каб раптам ня ўбачыла начальства». Усяго некалькі чалавек падышлі і распачалі гаворку з удзельнікамі пікету, і тыя сказалі, што хочуць перамен, гатовыя падтрымаць «Народны рэфэрэндум», не давяраюь беларускаму тэлебачанню, якое штодня хлусіць, — але ў тое, што апазыцыянэры змогуць перамагчы на выбарах, ня вераць катэгарычна.
Уладзімер Някляеў, які ў часе выбарчай кампаніі шмат ездзіць па рэгіёнах, пацьвердзіў, што такія самыя настроі паўсюль: «На Віцебшчыну я заехаў упершыню, каб падтрымаць Канстанціна. Я гатовы стаць даверанай асобай у незалежных кандыдатаў. Але што да людзей — то нашы людзі адмоўчваюцца. І на выбары ісьці ня хочуць, з аднаго боку, бо ня вераць у перамогу дэмакратаў. І наяўным станам свайго жыцьця не задаволеныя, але на ўслякі выпадак крытыкаваць уголас баяцца — каб чаго ня выйшла».
Кандыдат ад партыі БНФ Ігар Казьмярчак, прысутны на пікеце, заўважыў: «Гэта першы пікет незалежных кандыдатаў. А тыя, хто ідзе „ад уладаў“, агітацыі наогул не праводзяць. Навошта ім? Яны і так упэўненыя ў перамозе. Калі я запісваўся на радыё як кандыдат у дэпутаты абласнога савету, то выявілася, што астатнія тры праўладныя кандыдаты на запіс не зьявіліся наогул. І гучаў толькі мой выступ — бо тыя, пэўна, вырашылі, што да народу ім звяртацца няма сэнсу. Каго ім трэба агітаваць, калі і так усе „за іх“? Вось такое стаўленьне».
Пасыўнасьць выбаршчыкаў адзначыў і кандыдат Мікалай Дзямідаў, прадстаўнік партыі левых «Справядлівы сьвет»: «Раней былі нейкія спрэчкі на пікетах, а цяпер толькі выйшаў дырэктар Дому культуры чыгуначнікаў, паглядзеў, запытаўся, ці мы тут стаім законна. Сказаў, што ў ягонай установе ідзе нейкая імпрэза, і мы тут недарэчы, пахітаў галавой ды пайшоў. Яшчэ нейкія дзьве спадарыні падбеглі, заявілі, што мы тут ня маем права стаяць. Чаму? Бо ім так падаецца. Ну, і міліцыянты нешта адсочвалі з машыны, схаваўшыся за дрэвам».
Крыху жывейшай атрымалася размова на гарадзкім рынку, куды Ўладзімер Някляеў зайшоў разам з актывістамі. Нехта з гандляроў яго пазнаў і паказаў іншым — маўляў, вось той паэт, якога Лукашэнка пасадзіў у турму на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэтага хапіла, каб частка гандляроў схавалася ў сваіх ралетах, трымаючыся падалей. Але былі і такія, хто вырашыў «адвесьці душу» і скардзіўся на тое, што прадпрымальнікаў прыціскаюць, што растуць цэны на камунальныя паслугі, што жыцьцё робіцца ўсё даражэйшым, а пакупнікоў менее і менее.
Аднак і прадпрымальнікі мала вераць у тое, што апазыцыянэраў «прапусьцяць» у мясцовыя саветы, бо там «ужо ўсё занята».
Крыніца: Радыё Свабода