Серада, 16 Лістапад 2016

Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў сталінскага рэжыму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Малітва за нявінных ахвяраў масавых расстрэлаў 30-х гадоў XX ст. прайшла 8 лістапада ў лесе каля вёскі Паляі Віцебскага раёну. Увечары моладзь віцебскай каталіцкай парафіі Сьвятога Духа разам з ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам і некалькімі сьвятарамі прыбылі на мэмарыял пад Паляямі, каб ушанаваць памяць тых, хто недалёка ад гэтага месца знайшоў апошні спачынак.

Гэтай малітве папярэднічала імша ў касьцёле Сьвятога Духа, якую ўзначаліў а. Сяргей Мацюшонак. Сьвятар нагадаў аб важнасьці веданьня сваёй гісторыі і шанаваньня памяці нявінна загінулых ахвяраў сталінскага рэжыму, падкрэсьліўшы важнасьць малітвы за памерлых. Пасьля набажэнства прысутныя праслухалі кароткі даклад пра наступствы кастрычніцкага перавароту для лёсу Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі.

Айцец Сяргей Мацюшонак – адзін з тых, хто апякуецца цяпер мэмарыялам з крыжамі пад Паляямі. Сьвятар распавёў, што, калі прыехаў на службу ў Віцебск два з паловай гады таму, адразу пачаў шукаць падобнае месца, ведаючы, што масавыя расстрэлы ў 1930-я гады адбываліся каля вялікіх гарадоў. «Там, напэўна, шмат вернікаў Каталіцкага Касьцёлу», – быў упэўнены сьвятар.

Таксама падчас служэньня ў Маладэчне айцец Сяргей разам з моладзьдзю неаднаразова прыходзіў маліцца за памерлых да помніку патрыётам Беларусі, і гэтую традыцыю ён хацеў бы працягваць і ў Віцебску. «Ушанаваньне памяці нявінных ахвяраў і малітва за іх – гэта наш хрысьціянскі абавязак», – адзначыў сьвятар.

Кацярына Лаўрыненка, catholic.by
Фота: vitebskspring.org