Серада, 27 Студзень 2016

У Віцебску ў каталіцкай катэдры прайшло экумэнічнае набажэнства, першае ад часу ўтварэньня Віцебскай дыяцэзіі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

22 студзеня ў катэдральным касьцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылося экумэнічнае набажэнства пад дэвізам гэтага году «Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Пана», падчас якога прадстаўнікі хрысьціянскіх Цэркваў і дэнамінацыяў Віцебску маліліся аб еднасьці хрысьціян.

Aдметна, што такое набажэнства ў віцебскай катэдры адбылося ўпершыню з часоў заснаваньня Віцебскай дыяцэзіі.

У экуменічным набажэнстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі Каталіцкага Касьцёлу на чале зь біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, а таксама пробашч віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрэсеньня Хрыстовага протапрэзьбітэр айцец Зьміцер Грышан, прарэктар па вучэбнай рабоце Віцебскай духоўнай сэмінарыі Праваслаўнай Царквы протаярэй Дзьмітры Савіч, прадстаўнікі Эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў – пастар Аляксей Альшэўскі з царквы «Пульс» у Віцебску і пастар царквы «Надзея» ў Віцебску Генадзь Ляшчоў, пастар віцебскай грамады Пятра і Паўла Эвангеліцка-Лютэранскай Царквы Ўладзімер Татарнікаў. 

Набажэнства пачалося працэсіяй, на чале якой несьлі Сьвятое Пісаньне. Само набажэнства адбывалася пры запаленым пасхале.

Падчас набажэнства былі прачытаныя малітва да Сьвятога Духа, малітвы паяднаньня і малітвы надзеі.

«Сёньня мы молімся аб адзінстве паміж хрысьціянамі, і гэтае адзінства заключаецца ў наказах Хрыста, якія мы пачулі праз прачытанае слова. Мы усе адказныя за выкананьне гэтых наказаў, і калі мы ўсе робім агульную справу, гэта нас аб’ядноўвае», – нагадаў у сваёй прамове пастар царквы «Надзея» ў Віцебску Генадзь Ляшчоў.

Пастар Уладзімер Татарнікаў адзначыў, што сёньняшняе грамадзтва забывае, што такое вера, і падкрэсьліў важнасьць сумеснай малітвы, дадаўшы, што ў сёньняшніх умовах вельмі важна казаць аб адзінстве і выступаць адзіным фронтам у справах веры, маралі і сямейных каштоўнасьцяў, «бо ўсе мы закліканыя абвяшчаць укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста».

Протаярэй Дзьмітры Савіч нагадаў, што «малітва Ісуса – “Каб усе былі адно” – гэта пэўны заклік да нас зьвярнуцца да Яго, каб пераадолець пыху і жорсткасьць нашага сэрца, але ня моцай, а толькі Яго любоўю і міласэрнасьцю, каб мы маглі стаць тым адзіным статкам, які Ён даручыць свайму ўмілаванаму Айцу – Госпаду нашаму».

Протапрэзьбітэр айцец Зьміцер Грышан нагадаў, што гэтая малітоўная сустрэча – вельмі важная падзея для той будучыні, аб якой мы ўсе молімся – «Каб усе былі адно». Сьвятар адзначыў, што прадстаўнікам розных хрысьціянскіх канфэсіяў трэба вучыцца быць блізка адзін да аднаго, а таксама бачыць тое «прыгожае і вартае, што кожная канфэсія можа прынесьці ў Царкву Хрыстовую». Сьвятар падкрэсьліў важнасьць хросту, які зьяўляецца фундамэнтам хрысьціянства.

Віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч адзначыў асаблівы характар гэтай сустрэчы: «Сёньня мы ня толькі кажам, сёньня мы разам молімся з прадстаўнікамі розных хрысьціянскіх Цэркваў і дэнамінацыяў аб так важным дары еднасьці, аб чым прасіў Езус у свайго Айца – “Няхай усе будуць адно”». Гіерарх адзначыў, што на шляху да еднасьці хрысьціян часта паўстае перашкода – гэта думка, якім чынам будзе дасягнутая гэтая еднасьць.

Біскуп нагадаў аб важнасьці міласэрнасьці і прабачэньня, асабліва ў год міласэрнасьці: «Гэта вельмі важна, каб мы ўмелі дараваць крыўды, якія ўчынілі адзін аднаму, і гэта датычыцца ня толькі крыўдаў ў гістарычным вымярэньні, але датычыцца найперш нас у нашым штодзённым жыцьці».

Кажучы пра пошук паяднаньня хрысьціян, гіерарх падкрэсьліў: «Каб паяднацца паміж сабою, мы найперш павінны паяднацца з нашым Айцом – праз пакаяньне, праз малітву, праз эўхарыстыю». «Мы павінны шчырым сэрцам шукаць гэтых шляхоў у першую чаргу да паяднаньня з Богам. І тады тая справа еднасьці стане магчымай. Сёньняшняя падзея, калі мы можам разам стаяць каля алтара і ўзносіць малітву, – гэта ўжо вельмі важны і выразны знак, што гэтая еднасьць магчымая», – дадаў віцебскі ардынарый.

Пасьля складаньня абавязку быць сольлю і сьвятлом, падчас якога прагучалі словы: «Занясём гэтае сьвятое Слова сьвету, паколькі мы зьяднаныя ў адной місіі – быць сольлю зямлі, быць сьвятлом сьвету і абвяшчаць вялікія справы Пана», – прысутныя прадстаўнікі рэлігійных супольнасьцяў у знак супольнай місіі ўсіх Цэркваў запалілі сьвечкі ад пасхала, як сымбалю сьвятла Ўваскрослага Хрыста.

Напрыканцы набажэнства прысутныя перадалі адзін аднаму знак супакою.

Крыніца: Catholic.by