Субота, 06 Люты 2016

Біскуп Алег Буткевіч: Маем справу з мэтодыкай «бізуна і перніка»?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алег Буткевіч Алег Буткевіч

Заклапочанасьць з боку ўлады аб кан’юнктуры сярод каталіцкага духавенства ў нашай краіне ў пэўнай ступені можна зразумець – кожная дзяржава дзейнічае згодна са сваім палітычным перакананьнем. Пра гэта заявіў каталіцкі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Пры гэтым ён адзначыў, што «сёньня гэты «клопат» выглядае ўсё ж такі дзіўна, бо зусім недалёка адышоў у мінулае той час, калі на дазвол уладаў паступіць ў духоўную сэмінарыю кандыдат павінен быў чакаць ад пяці да пятнаццаці год». А папрок каталіцкаму касьцёлу ў тым, што ён сёньня недастаткова працуе ў кірунку падрыхтоўкі ўласнага духавенства, біскуп назваў прынамсі беспадстаўным.

«Сьвятарства – гэта не прафэсія ў сьвецкім разуменьні гэтага слова. Першым і асноўным матывам, каб стаць сьвятаром, зьяўляецца пакліканьне, на моцы слоў самога Хрыста: «Прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё». І касьцёл заўсёды трывае ў гэтай малітве. Больш таго, тэма пакліканьня падымаецца і на шматлікіх моладзевых сустрэчах. Іншая рэч – пазытыўны адказ чалавека на Божы заклік. Калі нават тым, хто вырашае зьвязаць свой лёс з мэдыцынай – а гэта, дарэчы, прафэсія, якая побач з пэдагогікай і сьвятарствам павінна мець у сваёй падставе ўсё тое ж пакліканьне – сёньня прапануецца не разьлічваць на вялікія прывілеі, то тым больш спэцыфіка сьвятарскага служэньня патрабуе прыняцьця ўзважанага рашэньня, асабліва калі гэтае рашэньне трэба прымаць у вельмі неспрыяльных для такога служэньня ўмовах сучаснага сьвету”, – дадаў суразмоўца.

Датычна неадпаведных паводзінаў сьвятароў і парушэньня імі дзяржаўнага права, біскуп пагадзіўся, што падыход тут павінен быць для ўсіх аднолькавы, і сьвятар таксама павінен несьці адказнасьць перад законам.

«І ў кожным канкрэтным выпадку улада напэўна не пакідае гэтага без увагі і прымае адпаведныя меры. Аднак публічнае і неаднаразовае выказваньне пра нават «дэструктыўную дзейнасьць» «некаторых сьвятароў» падштурхоўвае да думкі, што каталіцкі касьцёл – гэта патэнцыяльна небясьпечная структура. Само па сабе напрошваецца ў дадатак да «дэструктыўная» яшчэ і слова «сэкта». Так, трэба прызнаць за ўладай здольнасьць заўважаць і ацэньваць пазытыўную ролю, якую адыгрывае каталіцкі касьцёл у нашым грамадзтве. Але ў гэтым выпадку атрымліваецца вялікая лыжка дзёгцю. Маем справу з мэтодыкай «бізуна і перніка»?» – падкрэсьліў біскуп Алег Буткевіч.

Крыніца: Крыніца