З пратаколам, складзеным начальнікам аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі РАУС Чыгуначнага раёну Віцебску маёрам Аляксандрам Рыбаковым, Пётар Берлінаў не пагадзіўся і ад дачы паказаньняў супраць сябе адмовіўся, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі.
З боку абвінавачвання была зачытаная ўсё тая ж мантра наконт парушэньня парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, наўмыснасьці зьдзейсьненага “дзеля выражэньня сваіх палітычных інтарэсаў” і адпаведнасьці папяровых прадметаў у руках сфатаграфаваных разьмешчанаму на заднім пляне графіці. То бок зафіксаваныя на фотаздымку людзі “працягнулі тэму графіці, які сымбалізуе ціск на прэсу”, што можна лічыць яскравым сьведчаньнем масавага мерапрыемства. Як і ўсіх астатніх спадара Берлінава апазнаў на фота ўсё той жа маёр Аляксандар Рыбакоў.
Падчас разгляду справы абвінавачваны даў некалькі тлумачэньняў адносна ягонага затрыманьня з надуманых прычын 28 лістапада, якія аднак ніякім чынам не паўплывалі на ход вядзеньня справы.
Вывучыўшы матэрыялы справы, аргумэнты бакоў, судзьдзя Алена Цыганкова вынесла пастанову: адміністрацыйны арышт тэрмінам на трое сутак, у які мусіць быць залічаны час знаходжаньня спадара Берлінава ў ізалятары часовага ўтрыманьня з 28 лістапада па 1 сьнежня.