У спісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі, пазначана, што акаўнт «vlad.savinn» ў Instagram прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» паводле рашэння суда Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Рашэнне прынята сёлета 12 ліпеня.
Акаўнт утрымлівае 98 публікацый, на яго падпісаны 5 320 чалавек. На старонцы размешчаны фотаздымкі розных часоў, у тым ліку з пратэстаў супраць вынікаў мінулай прэзідэнцкай кампаніі, а таксама вершы Уладзіслава Савіна.
30 сакавіка 2022 года пасля чатырох месяцаў судовых разбіральніцтваў блогера і прадзюсара асудзілі да 8 гадоў зняволення. Суддзя суда Заводскага раёна Мінска Анжэла Касцюкевіч прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту і ў арганізацыі пратэстных акцый з дапамогай відэаролікаў на сваёй старонцы Instagram. А таксама ў махлярстве ў буйным памеры: у тым, што ў 2015-2016 годзе ён, паабяцаўшы больш за 100 чалавекам удзел у першых у Беларусі рэаліці-шоў, не забяспечыў ім гэтага.
26 кастрычніка 2022 года ў судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы разгледзелі новую крымінальную справу супраць Савіна. Яго судзілі паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса - за абразу Лукашэнкі ў вершы ў апеляцыйнай скарзе на гэты прысуд. Суддзя Вікторыя Пакунова прызначыла яму яшчэ два гады калоніі, гэтаксама ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.
Прызначанае пакаранне асуджаны адбывае ў бабруйскай ПК №2. 2 снежня 2022 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Уладзіслава Савіна палітычным зняволеным.
Станіслаў Іваноўскі