Пятніца, 18 Люты 2022

Агітацыя за змены ў Канстытуцыю ў дзяржаўных СМІ Віцебскай вобласці – неэфектыўная

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З 14 лютага агітацыя ў дзяржаўных СМІ за прыняцце паправак у Канстытуцыю набыла масавы і даволі агрэсіўны характар. Але калі ацэньваць з пункту гледжання колькасці праглядаў публікацыяў аб «рэферэндуме» на 24 сайтах праўладных газет, то можна зрабіць выснову аб неэфектыўнасці дзяржаўнай прапагандысцкай машыны.

Сапраўды, за тры дні, з 14 па 16 лютага, матэрыялы сайтаў, у якіх улады агітавалі грамадзян прыйсці і прагаласаваць за ўнясенне зменаў у дзейны Асноўны закон краіны, былі прагледжаныя крыху больш за 35 тыс. разоў. Калі гэтую лічбу суаднесці з 836 тыс. жыхароў вобласці, якія ўнесеныя ў спісы для галасавання, то атрымаем, што толькі 4% грамадзян праявілі хоць якую цікавасць да інфармацыі, звязанай з «рэферэндумам».

Так, 18 матэрыялаў сайту абласной газеты «Віцебскія весці» пад рубрыкай «Рэспубліканскі рэферэндум. Канстытуцыя. У будучыню разам» з 14 па 16 лютага праглядзелі 6,4 тыс. наведнікаў, што складае ў сярэднім 357 праглядаў.

На сайце віцебскай гарадской газеты «Віцьбічы», якая належыць Віцебскаму гарадскому выканаўчаму камітэту і Віцебскаму гарадскому Савету дэпутатаў, 14 матэрыялаў, прысвечаных «рэферэндуму», прагледзелі 3,9 тыс. чытачоў сайта, што ў сярэднім складае 281 прагляд. Гэта мізер, калі зыходзіць з таго, што ў Віцебску з правам голасу на рэферэндуме пражываюць 250 тыс. чалавек.

Самым чытаным з раённых сайтаў з'яўляецца сайт газеты «Лепельскі край», на якім 15 матэрыялаў, звязаныя з «рэферэндумам», прагледзелі 6270 разоў. У сярэднім на кожную публікацыю 418 наведнікаў. Па гэтым паказніку сайт трымае рэкорд у межах вобласці.

На партале газеты «Пастаўскі край» за 3 дні рубрыку «Рэспубліканскі рэферэндум. Канстытуцыя. У будучыню разам», у якой размешчаныя 13 публікацыяў, наведалі 318 пастаўчан, г.зн. у сярэднім 24 прагляды.

На сайце газеты «Мёрскія навіны» тую ж рубрыку ў тыя ж дні 9 матэрыялаў наведаў 201 чалавек, што складае, у сярэднім, 22 наведванні кожнага з іх, а на сайце газеты «Веснік Глыбоччыны» 14 матэрыялаў наведалі 207 чалавек, сярэдняе значэнне наведвання аднаго матэрыялу самае нізкае ў вобласці.

Да таго ж ні пад адным з матэрыялаў наведнікі сайтаў не пакінулі сваіх каментароў. Гэты факт толькі падкрэслівае абыякавасць жыхароў Віцебскага рэгіёну да будучага так званага «рэферэндуму» і да зменаў у дзейную Канстытуцыю.

 Алег Кунін