25 чэрвеня абодвух журналістаў апытаў старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла. Празь некалькі дзён ён жа склаў пратаколы аб правапарушэньнях.
“Падчас складаньня пратаколу я сказала, што адмаўляюся адказваць на пытаньні, бо 27-ы артыкул Канстытуцыі дазваляе ня сьведчыць супраць самой сябе. А ў судзе гатовая паўтарыць, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае права кожнаму грамадзяніну як здабываць інфармацыю, так і дзяліцца ёй зь іншымі”, - распавяла Тацьцяна Смоткіна.
Супраць Тацьцяны распачатая адміністрацыйная справа за артыкул “Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі”, разьмешчаны 9 чэрвеня на сайце Беларускага “Радыё Рацыя” (Польшча). Паводле матэрыялаў справы, яна ініцыяваная Глыбоцкай пракуратурай. Міліцыі было дадзенае даручэньне спраўдзіць, ці мае журналістка акрэдытацыю ад замежнага СМІ, і ці зьяўляецца яе журналісцкая дзейнасьць правапарушэньнем. На думку міліцыі, гэта так, і старшы інспэктар Вячаслаў Барыла перадаў дакумэнты справы ў суд.
Перададзеныя ў суд і матэрыялы адміністрацыйнай справы Зьмітра Лупача. Яго вінавацяць паводле таго самага артыкулу 22.9 КаАП за матэрыял “Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году”, разьмешчаны на сайце “Эўрарадыё”.
Пратакол пра правапарушэньне склаў таксама старшы інспэктар Вячаслаў Барыла, кажа Зьміцер: “У маёй справе ёсьць раздрукоўка гэтага тэксту з інтэрнэт-сайту без пазначэньня аўтарства, а таксама ксэракопія з газэты “Вольнае Глыбокае”, дзе пад артыкулам стаіць маё прозьвішча. На думку супрацоўніка міліцыі, аўтарства артыкулу ў газэце зьяўляецца доказам таго, што я супрацоўнічаю і з замежным СМІ. Вінаваты я нібыта таму, што “разьмясьціў гэты матэрыял у кампутарнай сетцы інтэрнэт”. Сфармуляванае гэтае абвінавачаньне ня дужа літаратурна, дый само яно не адпавядае рэчаіснасьці – я нічога нідзе не разьмяшчаў, не распаўсюджваў, а напісаньне артыкулаў і збор інфармацыі не зьяўляецца правапарушэньнем”.
Прозьвішча судзьдзі, які будзе разьбіраць справы журналістаў, пакуль невядомае.
Абодва судовыя працэсы распачнуцца а 10:00 у Глыбоцкім райсудзе.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"