Такім спосабам віцебскі праваабаронца хоча дамагчыся рэалізацыі свайго права на абвяржэньне зьвестак, распаўсюджаных у тэлепраграме «Клюб рэдактараў» 7 лютага (з паўторам 9 лютага), якія, на яго думку, не адпавядаюць рэчаіснасьці і зьневажаюць яго гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.
У згаданым выпуску тэлепраграмы, які збольшага быў прысьвечаны праблемам ва Ўкраіне, цягам амаль трох хвілін абмяркоўвалася сустрэча беларускіх праваабаронцаў са спэцыяльным дакладчыкам ААН па правох чалавека ў Беларусі Міклашам Харашці, што адбылася ў Вільні. Падчас абмеркаваньня ў этэры даваліся нэгатыўныя ацэнкі дзеяньням праваабаронцаў.
Так, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька неаднаразова зьняважліва выказваўся аб праваабаронцах, называючы іх «так званымі праваабаронцамі», якія нешта ўкладвалі «яму [Міклашу Харашці] там у вушы». А госьць тэлепраграмы, дэпутат Менскага гарсавету Георгі Атаманаў, ужыў выраз «праваабарончая шпана».
Павал Левінаў, які быў адным з удзельнікаў сустрэчы беларускіх праваабаронцаў са спэцдакладчыкам ААН, палічыў што выказваньні, што прагучалі ў этэры дзяржаўнай тэлевізіі, ня толькі не адпавядаюць рэчаіснасьці, але і зьняважылі яго асабіста:
«Займаюся праваабарончай дзейнасьцю больш за 40 гадоў, зьяўляюся сябрам Рады Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі Хэльсынскі Камітэт» і прадстаўніком аб’яднаньня на тэрыторыі гораду Віцебску і Віцебскай вобласьці. Усё, што прагучала ў тэлеперадачы «Клюб рэдактараў», лічу не адпаведным рэчаіснасьці і зьневажальным для майго гонару і годнасьці. Не адпавядаюць рэчаіснасьці зьвесткі аб праваабаронцах, аб нашым месцы і ролі ў беларускім грамадзтве, інфармацыя пра тое, што мы зьяўляемся «праваабарончай шпаной», а таксама што мы рабілі нейкія маніпуляцыі з вушамі спэцыяльнага дакладчыка, мандат якога быў уведзены рэзалюцыяй Рады па правох чалавека ААН».
Перад тым, як зьвярнуцца ў суд, Павал Левінаў паспрабаваў быў вырашыць пытаньне праз зварот наўпрост у Белтэлерадыёкампанію. Ён спасылаўся на артыкул 41 Закону «Аб сродках масавай інфармацыі», згодна з часткай 1 якога фізычныя асобы маюць права патрабаваць ад юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, абвяржэньня распаўсюджаных зьвестак, калі гэтыя зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці, зьневажаюць іх гонар, годнасьць або дзелавую рэпутацыю. Аднак кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі адказала на патрабаваньне праваабаронцы адмовай.
Таксама Левінаў спадзяваўся заручыцца падтрымкай органаў МУС. Была напісаная заява у міліцыю, у якой праваабаронца прасіў прыцягнуць удзельнікаў тэлеперадачы, якія дапусьцілі некарэктныя выказваньні ў этэры, да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкулу 9.3 КаАП («зьнявага»). Але і міліцыянты нічым не дапамаглі.
Цяпер у сытуацыі мусіць разабрацца суд, якому трэба даць адказ, наколькі патрабаваньні віцебскага праваабаронцы зьяўляюцца абгрунтаванымі і слушнымі.