Падчас судовага следства было ўстаноўлена, што 30 верасня 2020 году, 42-гадовы жыхар Воршы, знаходзячыся ў сябе дома, з дапамогай мабільнага тэлефона са свайго ўліковага запісу размясціў ў сацыяльнай сетцы абразлівы каментар у дачыненні да начальніка Дзяржынскага РАУС у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.
З улікам пададзеных дзяржабвінаваўцам доказаў суд Аршанскага раёну і Воршы пастанавіў абвінаваўчы прысуд. На падставе арт.369 КК мужчыну прызначылі пакаранне ў выглядзе арышту на тры месяцы. Прысуд набудзе законную сілу праз 10 дзён, у выпадку яго абскарджання ў Віцебскім абласным судзе.
Між тым, у Віцебску, 20 траўня праваахоўнікі затрымалі мясцовага жыхара, які нібыта пакінуў абразлівы каментар у сацыяльнай сетцы на адрас Аляксандра Лукашэнкі.
На 39-гадовага жыхара Віцебска выйшлі аператыўнікі 7-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБАЗіК МУС. Як лічаць праваахоўнікі, мужчына пакінуў зняважлівы каментар на адрас кіраўніка дзяржавы, выкарыстоўваючы свой уліковы запіс у адной з сацыяльных сетак. Пазней сам падазраваны распавёў, што свае допісы ён рабіў паддаўшыся эмоцыям, ужо раскайваецца ва ўчыненым.
За злачынства паводле ч.1 артыкулу 368 КК РБ прадугледжваецца максімальнае пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі.
«Калі гаворка ідзе пра паклёп і абразу, то неабходна спалучаць гэтыя дзеянні з правам на свабоду слова і правам выказвання меркавання. Усё ўпіраецца ў форму (прыстойная або непрыстойная), з дапамогай якой грамадзяне даюць ацэнку працы палітыкаў і дзяржаўных службоўцаў. Але прыцягваць за гэта грамадзян да крымінальнай адказнасці азначае даваць нейкую асаблівую абарону службовым асобам, што заведама спараджае іх несправядлівую перавагу над астатнімі грамадзянамі. Гэта нецывілізаваны і антыдэмакратычны падыход да ўстанаўлення грамадскіх стасункаў. Таму варта прыбраць з крымінальнага заканадаўства пакаранні за абразу і паклёп ды перавесці іх у грамадзянскае справаводства», - лічыць праваабаронца Леанід Свецік.
Міхась Пісараў