Падставай для складання пратаколу на Змітра Лупача стаў фельетон на YouTube-канале «Белсату» пад назвай «Леніна знайшлі загорнутым у цэлафан».
Пратакол на журналіста склаў маёр міліцыі Докшыцкага РАУС Андрэй Юргель.
Сведкам на судзе ў Лупача быў краязнаўца з Докшыцкага раёну Кастусь Шыталь, які быў героем фельетона. Кастусь сказаў, што запісвала яго жанчына, а не Зміцер Лупач. Другім сведкам павінна была быць журналістка-фрылансерка з Віцебску Алена Шабуня. Але яна на суд не з’явілася, бо знаходзілася за мяжой. Суддзя пастанавіў працягваць судовы працэс без яе прысутнасці.
Заслухаўшы паказанні сведкі, самога абвінавачанага і вывучыўшы справу, суддзя Дзяніс Корсак пасля дзесяціхвіліннага перапынку агучыў рашэнне спыніць справу праз недаказанасць віны.
Зміцер Лупач кажа, што быў здзіўлены і не чакаў такога выніку суду. Маўляў, падчас іншых працэсаў у дачыненні да яго здаралася, спадзяваўся на спыненне спраў, але зараз сапраўды не чакаў такога завяршэння. Меркаваў, што прызначаць штраф, і хваляваўся, што будуць яшчэ якія-небудзь наступствы.
Падтрымаць Змітра Лупача прыехалі яго калегі-журналісты з Глыбокага, а таксама докшыцкія грамадскія актывісты. Але на судовы працэс пусцілі не ўсіх – толькі чатырох чалавек, хоць, як казалі жыхары Докшыц, раней у залу суду пускалі пяць чалавек. Як паведаміла прысутным сакратар судовага пасяджэння, пусцяць чатырох, бо слуханне справы будзе адбывацца ў меншай зале.
Зміцер падзякаваў усім за падтрымку і салідарнасць, якія вельмі важныя ў такі няпросты час.
Наперадзе глыбоцкага журналіста чакае яшчэ адзін суд – 25 траўня ў Браславе. Яго зноў будуць судзіць за фельетон.
Да таго ж увечары 18 траўня маёр міліцыі Сяргей Цырбан выклікаў Змітра Лупача ў Глыбоцкі РАУС. Падставай выкліку таксама стаў фельетон журналіста. У выніку міліцыянты склалі чарговы пратакол паводле арт. 23.5 КаАП.