У Віцебскім абласным судзе мусіла разглядацца касацыйная скарга Зьмітра Лупача. Ён абскардзіў рашэньне Глыбоцкага райсуду ад 23 ліпеня, згодна зь якім быў пакараны штрафам у памеры 4,5 мільёну рублёў (25 базавых велічынь) паводле часткі 2 артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Пачыналася ў Віцебскім аблсудзе ўсё як звычайна. Людзі, чые справы мусілі ў гэты дзень разглядацца, чакалі пачатку суду ў холе ля прахадной. За пару хвілін да прызначанага часу да іх выйшла сакратарка, якая высьветліла, хто па якой справе прыйшоў, і запрасіла прысутных у залю судовых паседжаньняў.
Далей было ўжо ня як звычайна. Уваход судзьдзі ў залю не суправаджаўся стандартнай фразай «Устаць, суд ідзе». Судзьдзя Сьвятлана Іванова прайшла на сваё месца. «Хто па справе Лупача? – запытала яна. – Лупач Дзьмітры, так? Справа здымаецца на наступны судовы разбор – у наступную сераду ў гэты самы час – для дадатковага вывучэньня».
Адлегласьць ад Глыбокага да Віцебску ў адзін бок складае 226 кілямэтраў. Невядома, што перашкодзіла судзьдзю папярэдзіць Зьмітра загадзя, што разгляд яго справы пераносіцца на іншы дзень, каб ён не пераадольваў марна гэтую адлегласьць. Зрэшты, дальнюю дарогу меў ня толькі незалежны журналіст. Яго адвакат прыехала на суд, які так пакуль і не адбыўся, зь Менску.