Пра інцыдэнт, які здарыўся ў кастрычніку 2019 году ў Полацку, Раман Ляўкоўскі расказаў у роліку «Зварот да Юрыя Караева, катаваньні ў Полацкім РАУС». Па словах блогера, ён сам выклікаў міліцыю пасьля таго, як у адной з полацкіх крамаў яму ня выдалі кнігу скаргаў. Сьцьвярджаў, што ў міліцыі яго зьневажалі і катавалі.
Празь некалькі дзён пасьля здарэньня Ляўкоўскі зьвярнуўся з заявамі ў пракуратуру і сьледчы камітэт. 28 кастрычніка Полацкі СК прадоўжыў тэрмін праверкі на 1 месяц.
Як вынікае з паведамленьня сьледчага камітэту, якое атрымаў блогер, па факце ўчыненьня з боку супрацоўнікаў Полацкага РАУС супрацьпраўных дзеяньняў (арт. 426 КК РБ) была праведзеная праверка, па выніках якой у завядзеньні крымінальнай справы адмоўлена «з адсутнасьці складу злачынства».
У пастанове СК аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы супраць міліцыянтаў паведамляецца таксама, што і ў дачыненьні Рамана Ляўкоўскага па факце заведама ілжывага даносу (арт. 400 КК) крымінальная справа распачынацца ня будзе з той жа прычыны: адсутнасьць у дзеяньнях складу злачынства.
Зьміцер Міраш