Чацвер, 17 Кастрычнік 2019

Полацкага блогера Geibal выклікалі ў сьледчы камітэт – прасілі аддаць тэлефон

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Раман Ляўкоўскі Раман Ляўкоўскі

Полацкага блогера Рамана Ляўкоўскага (Geibal), які 14 кастрычніка заявіў, што яго катавалі ў міліцыі, выклікалі на наступны дзень у Полацкі міжраённы аддзел сьледчага камітэту. Паведамілі, што праверка па ягонай заяве будзе працягвацца да 10 дзён. Папрасілі таксама пакінуць для экспэртызы тэлефон…

“Душылі прафэсійна…”

19-гадовы блогер Раман Ляўкоўскі з Полацку апублікаваў 14 кастрычніка відэаролік, у якім расказаў, як зь яго зьдзекаваліся ў аддзяленьні міліцыі. Душылі, зьневажалі і пагражалі “адвезьці ў лес”, калі хоць каму пра гэта раскажа.

Наступным днём хлопец накіраваў адпаведныя заявы ў сьледчы камітэт і пракуратуру. У СК Раману выдалі пастанову аб прызначэньні судова-мэдычнай экспэртызы, але праходзіць яе хлопец адмовіўся. Сьцьвярджае, што сьлядоў задушэньня на ягонай шыі ўсё роўна не засталося: “Душылі прафэсійна…”  

СК распачаў праверку па заяве блогера

16 кастрычніка, з блогерам зьвязаліся па тэлефоне супрацоўнікі СК і папрасілі зайсьці ў Полацкі аддзел сьледчага камітэту. Раман пагадзіўся.  

“Размаўлялі са мной карэктна, паведамілі, што ніякіх дзеяньняў па маёй заяве яшчэ не праводзілася і што праверка фактаў, пра якія я пішу ў заяве, будзе працягвацца 10 дзён. Пра вынікі праверкі мне абавязкова паведамяць, сказалі”, – распавёў “Віцебскай Вясьне” Раман Ляўкоўскі.

Таксама паведаміў, што ў яго хацелі забраць на экспэртызу тэлефон, каб паспрабаваць аднавіць выдалены міліцыянтамі ролік. Паводле Рамана, сьледчыя сказалі, што гэты ролік можа паслужыць доказам таго, што паміж блогерам і супрацоўнікамі міліцыі сапраўды адбыўся канфлікт. Але аддаваць тэлефон ажно на 30 дзён палачанін адмовіўся, патлумачыўшы, што без тэлефона ён як бяз рук.

Раман расказаў, што на ўваходзе ў сьледчы камітэт ледзь не сутыкнуўся лоб у лоб з супрацоўнікам міліцыі Аляксандрам Лапаціным, тым самым, які напярэдадні пужаў хлопца, што і “абасцаць яго можа”, бо ўсё роўна ён нікому нічога не раскажа. Як мяркуе полацкі блогер, Лапаціна выклікалі ў сьледчы камітэт па ягонай заяве.

Ляўкоўскі кажа, што ніякіх папер у сьледчым камітэце не падпісваў.

Зьміцер Міраш      

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.