Якім чынам ён трапіў пад увагу сьледчых, Сяргею Сясіцкаму не паведамілі. Ён перакананы, што нічога недазволенага на сваёй старонцы не разьмяшчаў, а заяву ў міліцыю маглі падаць ягоныя апанэнты ў спрэчках пра “руский мир”, бо такія пагрозы ўжо былі.
“Там выражэньне маёй грамадзянскай пазыцыі па пытаньнях палітычнага жыцьця нашай краіны, маё стаўленьне да агрэсіўнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі – усё тое, пра што я пішу даўно і на розных пляцоўках. Ад маіх апанэнтаў пагрозаў жыцьцю ці здароўю пакуль не было, але заявамі ў міліцыю пагражалі неаднаразова. Маўляў, як я сьмею такое пісаць. Але я ведаю законы нашай краіны – што нельга заклікаць да гвалтоўных дзеяньняў, нельга прыніжаць, абражаць іншых людзей. І, вядома, гэтага я прытрымліваюся”, – кажа Сяргей Сясіцкі.
Праверка мабільнага тэлефона, як паведамілі Сяргею, будзе праводзіцца цягам месяца.
Што да пагрозаў з боку палітычных апанэнтаў, то на шэрагу віцебскіх паблікаў, якія прапагандуюць ідэі “адзінай Русі”, такія выказваньні насамрэч трапляюцца. У тым ліку за заклікі Сясіцкага не дапусьціць у Віцебску канцэртаў выканаўцы турэмнага шансону Віктара Каліны, вядомага сваімі шавінісцкімі выказваньнямі пра беларусаў і беларускую мову, а таксама фатаграфаваньнем са зброяй на занятых сэпаратыстамі тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.
Прыхільнікі “русского мира” нават спрабавалі скардзіцца на Сяргея Сясіцкага ў сьледчы камітэт Расейскай Фэдэрацыі, але вынікаў гэта ня мела.