У прыватнасьці, у адным з камэнтароў Сясіцкі напісаў: «Дапамагае супраць рашысцкай чумы толькі адзін спосаб. Як і ў сярэднія вякі – агонь. У наш час гэта называецца «Дом прафсаюзаў». Прарасейскія актывісты ўгледзелі ў такой заяве Сясіцкага заклік забіваць і паліць рускіх.
«Мяркуючы па ўсім, пад «Домам прафсаюзаў» маецца на ўвазе трагедыя, якая адбылася ў Адэсе 2 мая 2014, калі прыхільнікі рэжыму Эўрамайдану спалілі жыўцом у цэнтры 48 чалавек, якія выступалі супраць нацыяналізму і за збліжэньне з Расеяй» – адзначае выданьне «Политринг».
«Натуральна, беларускі Мінінфарм і міністарка Лілія Ананіч ня лічыць гэтыя выказваньні распальваньнем міжнацыянальнай варожасьці», – піша шэф-рэдактар інфармацыйнага агенцтва «Рэгнум» Юры Баранчык.
«Аб выніках разгляду звароту вам паведамяць», – адпісаўся СК Расеі Сяргею Іванову.
«Я нядрэнна знаёмы з апазыцыйнымі коламі і назіраю падобныя метамарфозы далёка ня ў першы раз. Быў чалавек як чалавек. Недурны, быццам бы, адэкватны. Размаўлялі, абмяркоўвалі нейкія палітычныя тэмы. І раптам – празь некаторы час сутыкаесься з тым, што чуеш нейкі ідыёцкі слэнг, агрэсію. Поўная асацыяцыя зь фільмамі пра вірус, які ператварае людзей у зомбі. Сясіцкі – з такіх», – напісаў прарасейскі актывіст са Слаўгараду Арцём Агафонаў.
Мы зьвязаліся зь Сяргеем Сясіцкім, каб спытаць, што ён думае пра гэтую справу: «А што тут думаць? Я пасьмяяўся з гэтых дурняў – і забыўся. Я лічу, што ніякіх наступстваў ня будзе, бо нічога крымінальнага я не казаў. Калі ж Сьледчы камітэт Расеі ўсё ж завядзе крымінальную справу, то пачну іх троліць».
Зьміцер Панкавец, nn.by