Падставай для складаньня пратаколу стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пра ўшанаваньне памяці ахвяр нацыстаў і камуністаў на Глыбоччыне.
Сёлета гэта ўжо дзясяты пратакол, складзены на Зьмітра Лупача за супрацу зь незалежным тэлеканалам “Белсат”. Тыднем раней на Зьмітра Лупача і Тацяну Смоткіну пратаколы склала мёрская міліцыя за асьвятленьне імі сацыяльных праблем жыхароў аграгарадка Язна Мёрскага раёну.
Як кажа журналіст-фрылянсэр Зьміцер Лупач, апошнім часам улады наогул не прапускаюць па-за ўвагай ніводнага яго сюжэту, асабліва на сацыяльную тэматыку.
— І як яны часам кажуць людзям, каб закрылі раты, як напрыклад гэта было ў Язна, такім чынам спрабуюць узьдзейнічаць і на нас. Думаю, што ім цяжка будзе гэта зрабіць, бо сытуацыя ў краіне пагаршаецца, расьце напружаньне, асабліва ў малых гарадох ды вёсках. Таму я ня ведаю, колькі яшчэ людзі змогуць маўчаць, бо цярпеньне народу ня вечнае.
Сёлета над Зьмітром Лупачам адбылося 5 судоў, агулам ён ужо заплаціў 4 189,5 беларускіх рублёў штрафу за прафэсійную дзейнасьць.