Пятніца, 28 Снежань 2018

Павал Левінаў: Гарвыканкам ня мусіць вызначаць, каго пускаць на прэс-канфэрэнцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

Віцебскі праваабаронца і сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў зьвярнуўся ў гарвыканкам з прапановай, каб на арганізаваныя ўладамі прэс-канфэрэнцыі пускалі ўсіх ахвотных прадстаўнікоў СМІ, а ня толькі з “правераных выданьняў”.

Праваабаронца мяркуе, што абмежаваньні допуску журналістаў на прэсавыя канфэрэнцыі парушаюць права на свабоду атрыманьня інфармацыі. Сьведкам менавіта такога прэцэдэнту Павал Левінаў стаў  5 лістапада, калі ў Віцебскім гарвыканкаме праходзіла прэс-канфэрэнцыя наконт вельмі важнай для жыцьця гораду праблемы: закрыцьця на рамонт Полацкага шляхаправоду.

“Гэта мост, які злучаў буйныя гарадзкія раёны, і ўсе жыхары Віцебску былі зацікаўленыя ў тым, каб атрымаць найбольш поўную інфармацыю пра тэрміны рамонту, расклад зьмененага транспартнага руху і гэтак далей. Аднак на прэс-канфэрэнцыю намесьніка старшыні гарвыканкаму Сяргея Саглаева дапусьцілі толькі абмежаваную колькасьць прадстаўнікоў СМІ.  “Мы запрашаем толькі правераныя СМІ”, — сказалі на ўваходзе тым журналістам, якіх у залю не прапусьцілі. Вядома, так быць не павінна, асабліва калі вядзецца пра найважнейшыя пытаньні гарадзкога жыцьця”, — кажа Павал Левінаў.

Доступ на прэс-канфэрэнцыі не мусіць рэгулявацца прыватнымі сымпатыямі ці антыпатыямі старшыні гарвыканкаму ці яго намесьнікаў, лічыць Павал Левінаў.

Ён напісаў ў гарвыканкам пералік прапановаў датычна арганізацыі мерапрыемстваў для журналістаў. Галоўных умоў, на ягоную думку, мусіць быць дзьве. Каб пра прэс-канфэрэнцыі, а таксама паседжаньні гарвыканкаму і іншыя мерапрыемствы, цікавыя гараджанам, паведамлялася загадзя, а не пастфактум.  І каб прадстаўнікоў СМІ на іх дапускалі без дадатковага ўзгадненьня, а па ўласным жаданьні журналіста або рэдакцыі.

Адказ за подпісам намесьніка старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктара Глушына быў кароткі: “Прапановы прынятыя да ведама”.

Без канкрэтных зьменаў у стаўленьні да журналістаў ён праваабаронцу не задавальняе.  

baj.by