Ва ўмовах, калі ўлады спрабуюць цалкам падпарадкаваць сабе сродкі масавай інфармацыі, калі практычна немагчыма зарэгістраваць незалежную прэсу, адзіным каналам для шырокага распаўсюду інфармацыі, нецэнзураванай уладамі, застаецца, бадай, інтэрнэт. Журналіст інтэрнэт-рэсурсу «Дыялёг» пагутарыў з рэдактарам аднаго з найстарэйшых незалежных інфармацыйных сайтаў Віцебскай вобласьці Ігарам Казьмерчаком.
Паводле словаў Ігара Казьмерчака, рэдагаваны ім сайт – адзінае месца, дзе можна рэальна абмяркоўваць праблемы гораду Воршы. Гэта тычыцца як праблемаў цяперашняга дня, гэтак і пытаньняў далейшага разьвіцьця.
«Сайт orsha.eu («Аршанскі рэгіянальны партал») быў створаны ў 2007 годзе. Гэта даволі папулярны сайт. У сярэднім ён мае 520 наведнікаў штодня, – распавёў Ігар Казьмярчак. – Наш сайт даволі камэнтуемы. Так, там ёсьць тролі. Але мы з гэтага толькі радуемся. Бо калі яны троляць, значыць, па-першае, наш сайт гэтага заслугоўвае, а, па-другое, яны даюць нам рэальна вельмі добры рэйтынг».