Сьвіркуноў выклікаў да сябе Ігара Пастнова, які цяпер працуе ў Віцебскім наркалягічным дыспансэры лекарам-нарколягам, і загадаў напісаць тлумачальную запіску, заявіўшы што лічбы ў блогерскім допісе на сайце freeregion.info не адпавядаюць сапраўднасьці, распавёў Ігар Пастноў:
«Я патлумачыў, што дадзеныя знайшоў у інтэрнэце, што яны агульнадаступныя — бо з афіцыйных дакладаў, у тым ліку на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя. Але Сьвіркуноў заявіў, што яны састарэлыя — за 2011, 2012 і 2013 гады, а цяпер, маўляў, сытуацыя кардынальна павярнулася да лепшага. І што, маўляў, наогул усе дадзеныя няслушныя, бо вялікая колькасьць ужытага ў Беларусі алькаголю тлумачыцца тым, што яго спажылі прыежджыя — прыкладам, наведнікі „Славянскага базару“. А самі беларусы, маўляў, п’юць няшмат. Яшчэ сказаў, што за такое скажэньне зьвестак мае дзеяньні падпадаюць пад крымінальны артыкул. Я ж сказаў, што няхай мне дадуць сьвяжэйшыя зьвесткі, і я іх таксама апублікую ў сваім блогу. А што да крымінальнай адказнасьці за скажэньне статыстыкі, то ў цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі некалькі год заніжалі заробкі, як выявіла камісія. Усе гэта скажалася, а галоўны ўрач Алена Мартынава як працавала на сваёй пасадзе, так і працуе. І ўжо калі мяне прыцягваць да крымінальнай адказнасьці, то і яе!»
Разважаючы пра наступствы апошніх стасункаў з адміністрацыяй, лекар-нарколяг абласнога псыханэўралягічнага дыспансэру Ігар Пастноў згадвае леташнія падзеі, калі пасьля шэрагу крытычных выступаў у інтэрнэце галоўны ўрач Алена Мартынава ініцыявала зьмяшчэньне яго на прымусовае лекаваньне ў «псыхушку»:
«Спачатку мяне папракалі ў нетактоўнасьці і парушэньні прафэсійнай этыкі, калі я крытыкаваў кепскі стан мэдустановаў вобласьці і дзейнасьць губэрнатара Аляксандра Косінца. Потым мне пачалі адкрыта пагражаць — у тым ліку і зьмяшчэньнем на прымусовае псыхіятрычнае лекаваньне. Урэшце так і сталася: мяне забралі проста з працы ў псыхіятрычнае аддзяленьне нашага ж цэнтру, і суд Віцебскага раёну пастанавіў, што мяне трэба прымусова лекаваць. Мне не дазволілі ні самому прысутнічаць на працэсе, ні прыслаць свайго адваката, а потым і наогул абмежавалі стасункі з навакольным сьветам — забаранілі тэлефанаваць і прымаць наведнікаў… Урэшце паставілі дыягназ „параноіднае разладзьдзе асобы з устойлівымі квэрулянцкімі тэндэнцыямі“ — маўляў, я заўжды незадаволены і патрабую для сябе нейкіх выгодаў ці асаблівага стаўленьня. Але незалежная экспэртыза адмыслоўцаў з грамадзкай арганізацыі „Незалежная псыхіятрычная асацыяцыя Расеі“ дыягназ беларускіх калегаў абвяргае. Там ня ўбачылі хваравітых адхіленьняў у тым, што чалавек змагаецца супраць недахопаў — для сябе ж асабіста я не патрабую нічога… І зрабілі выснову, што мой стан не вымагаў прымусовага лекаваньня і ізаляцыі. Ці ня зробяць мае калегі наступнай спробы на мяне націснуць — ня ведаю, але выключаць не магу».
Ігар Пастноў спрабаваў аспрэчыць рашэньне суду Віцебскага раёну, які санкцыянаваў для яго прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Прайшоў усе беларускія судовыя інстанцыі, але беспасьпяхова. Таму зьвярнуўся ў Камітэт правоў чалавека ААН з заявай пра парушэньне правоў, і там ягоны зварот быў зарэгістраваны.