Агулам за першае паўгоддзе 2021 году на Віцебшчыне было разгледжана шэсць дзясяткаў крымінальных спраў за публічныя абразы ў Інтэрнэце прадстаўнікоў ўлады, за паклёп, пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. На разглядзе ў судах знаходзяцца яшчэ 9 аналагічных спраў.

13 жніўня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску пачаўся судовы працэс над 35-гадовым віцяблянінам Сяргеем Думавам. Супраць яго выставілі абвінавачанні ў трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Паводле ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў) Думаве пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Яго таксама вінавацяць у падрыхтоўцы да злачынства (ч. 1 арт. 13 КК), у навучанні для ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт. 293 КК), у апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці ( арт. 341 КК).

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 13 жніўня пачалі разглядаць крымінальную справу паводле ч.1 арт. 368 («Публічная абраза прэзідэнта РБ»). 41-гадовага Юрыя Серабро абвінавачваюць у тым, што 1 сакавіка ў «Інстаграм» ён размясціў абразлівы каментар на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Пракурор папрасіў 2 гады калоніі. Рашэнне мусіць прыняць суддзя Сняжана Кіндзеева. Сам абвінавачаны адмовіўся ад адваката і прызнаў віну ў поўным аб'ёме.

12 жніўня суд Першамайскага раёну Віцебску вынес судовае рашэнне ў справе беспрацоўнага віцябляніна Аляксандра Ш., абвінавачанага паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў альбо з помсты за выкананне службовай дзейнасці»). Суддзя Міхаіл Юрчанка задаволіў просьбу пракуратуры і асудзіў абвінавачанага на паўтара года пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У апошнія тыдні віцебскімі судамі былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэставых падзей 2020 і 2021 гадоў. Два з паловай гады калоніі прысудзілі дзісненцу Аляксею Каршуну (ч.1 арт. 130 КК).