Суд Оршы і Аршанскага раёна 4 ліпеня вынес прысуд мясцоваму жыхару Аляксею Чэкелю, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Беларусі, згодна ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вяршыніна прызнала віну Чэкеля даказанай і прысудзіла яму пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на паўтара года.

Наваполацкаму грамадскаму актывісту прысудзілі другі арышт запар. Ён быў затрыманы 15 чэрвеня і асуджаны на 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». 1 ліпеня яго асудзілі другі раз – за несанкцыянаванае пікетаванне. Цяпер Андрэй Галавырын мусіць адбыць два арышты па 15 сутак запар, нягледзячы на праблемы са здароўем.

Жыхарку Докшыцаў вінавацяць у фінансавай дапамозе рэпрэсаваным паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу  (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Больш за паўгода яе трымаюць у Берасцейскім СІЗА №7 (Вольга Ялцэвіч мае рэгістрацыю ў Берасцейскай вобласці), на цяперашні момант следства скончана, і абласная пракуратура ўжо перадала справу ў суд. Жанчыне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.


У судзе Полацкага раёну і гораду Полацку 28 чэрвеня вынесены яшчэ адзін прысуд жыхару пасёлка Фарынава Андрэю Патрэбку – цяпер за абразу прадстаўнікоў улады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу). На момант суду ён ужо быў асуджаны да 3-х гадоў так званай «хатняй хіміі» за абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Цяпер суддзя Уладзімір Бясецкі прысудзіў Андрэю  Патрэбку 4 гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу.

22 чэрвеня ў Наваполацку на працоўным месцы быў затрыманы машыніст кампрэсарных установак ВА "Нафтана" Сяргей Бадуноў. У Наваполацкім АУС, куды адвезлі затрыманага, супрацоўнікі міліцыі склалі на яго адміністрацыйны пратакол па частцы 2 арт. 19.11 КаАП "Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў".