Субота, 23 Верасень 2023

Алену Каваленку аштрафавалі за фотаздымкі пратэстаў 2020 года. На суд яна не з’явілася

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Былой жонкі вядомага віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі ўжо не было ў Беларусі, калі суддзя Першамайскага райсуду Міхаіл Юрчанка аштрафаваў жанчыну на 2590 руб. за фотаздымкі з пратэстаў 2020г., размешчаныя на яе старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Ён прызнаў Алену Каваленку вінаватай у «несанкцыянаваным пікетаванні» паводле арт. 24.23 КаАП.

За непасрэдны ўдзел у пратэстных падзеях яе ўжо штрафавалі ў верасні 2020г. Той самы суддзя Міхаіл Юрчанка прызнаў жанчыну вінаватай у «парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў» і аштрафаваў яе на 10 базавых велічынь ( на той час – 270 рублёў).

Таксама Алену Каваленку прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў 2014 годзе: яе аштрафавалі на 10 базавых велічынь за Гэткае пакаранне жанчыне прысудзілі за ўдзел у пікеце супраць удзелу ў мясцовых выбарах, які адбыўся 22 сакавіка ў Віцебску.

У апошнія гады Алена Каваленка паведамляла ў сваіх сацыяльных сетках пра рэгулярныя візіты сілавікоў і ператрусы, якія праводзіліся ў яе па месцы жыхарства і па месцы жыхарства маці Сяргея Каваленкі.

Віцебскі актывіст, шырока вядомы тым, што ў 2010г. вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на гарадскую навагоднюю ёлку на Плошчы Перамогі, ужо некалькі гадоў жыве ў Варшаве, дзе ладзіць акцыі ў падтрымку Зянона Пазняка і супраць «новай апазіцыі» - Святланы Ціханоўскай, Сяргея Латушкі і гд.

Вацлаў Лятучы