Суддзя суда Браслаўскага раёна Аляксандр Вязіцкі 9 кастрычніка за распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыі ў сацыяльных сетках пакараў адміністрацыйным арыштам на 10 сутак машыніста Пятра Ластоўскага.

Жыхар Наваполацка быў пакараны адным годам разбаўлення волі ўмоўна. 28 верасня ў Наваполацкім гарадскім судзе 53-гадовага работніка “Нафтана” Іллю Двойрына прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства). Суддзя Віталь Лапко пакараў мужчыну за інцыдэнт, які здарыўся 1 ліпеня: паводле абвінавачання, Ілля Двойрын запэцкаў белай фарбай лабавое шкло машыны, на капоце і бакавінах якой былі намаляваныя вялікія літары «Z». Беларуская праваабарончая супольнасць заявіла, што лічыць Двойрына былым палітычным зняволеным: ён не меў гэтага статусу падчас утрымання за кратамі, але ягоная справа відавочна мае прыкметы палітычнай.

Суддзя суда Лёзненскага раёна Аляксей Лапушынскі за распаўсюджванне "экстрэмізму" ў сацыяльнай сетцы пакараў штрафам у памеры 999 рублёў работніцу сталічнай гандлёвай сеткі Кацярыну Крывічэнку. Па просьбе жанчыны разбіральніцтва адміністрацыйнай справы прайшло ў яе адсутнасць.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 7 верасня за распаўсюджванне ў відэахостынгу і сацыяльнай сетцы інфармацыі «экстрэмісцкага» зместу пакарала арыштам на 15 сутак працаўніцу завода «Палімір» Алену Марцанюк.

У Полацку на прыпынку грамадскага транспарту па вуліцы Калініна незвярозы грамадзянін заляцаўся да малалетняй дзяўчынкі – спрабаваў абняць, лез цалавацца. На думку суддзі Яніны Марцулевіч, гэтым ён «выразіў непавагу да грамадскасці». Яна пакарала жыхара Полацка самым найменшым штрафам – 2 базавыя велічыні, прызнаўшы яго вінаватым у дробным хуліганстве паводле арт. 19.1 КаАП.