Пятніца, 06 Верасень 2024

Мінімум 12 судоў па "палітычных" адміністрацыйных справах прайшлі ў судах Віцебскай вобласці на гэтым тыдні

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сёння ў адным з раённых судоў абласнога цэнтра і ў адным рэгіянальным судзе адбыліся  два працэсы па справах, распачатых за «распаўсюд экстрэмізму». Дзве справы паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП разбіралі 3 верасня. А 2 верасня ў судах Віцебшчыны разбіралі адразу 8 справаў па «народных» артыкулах адміністрацыйнага заканадаўства.

6 верасня ў судзе Мёрскага раёна разбіралі справу мясцовага жыхара Яўгена Мароза, распачатую паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП. Старшынявала на працэсе суддзя Ірына Яскевіч.

У судзе Першамайскага раёна Віцебска па тым самым артыкуле судзілі былога палітвязня Дзяніса Хаўханава. 19 снежня 2022 года у віцебскім судзе Кастрычніцкага раёна Дзяніс Хаўханаў быў прызнаны вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза Лукашэнкі). Тады суддзя Сняжана Кіндзеева асудзіла хлопца на адзін год і два месяцы пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма. 13 студзеня 2023г. Дзяніса Хаўханава ўключылі ў "спіс экстрэмістаў", які складае МУС.

Тэрмін пакарання палітзняволены адбываў у бабруйскай ПК № 2. Па падліках праваабаронцаў, быў вызвалены напрыканцы 2023 г., цалкам адбыўшы прысуджанае. 22-гадовы жыхар Віцебска мае інвалідасць (страта слыху). Па адміністрацыйным «экстрэмісцкім» артыкуле яго сёння судзіла суддзя Вольга Клімкова.

3 верасня ў судзе Браслаўскага раёна разбіралі справу 72-гадовага фатографа і відэографа Іосіфа Цапеліка, распачатую паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП, судзіў мужчыну Аляксандр Вязіцкі. У судзе Докшыцкага раёна праходзілі слуханні па адміністрацыйнай справе, распачатай па тым самым артыкуле супраць Наталлі Аўтушка. Суддзём быў Дзяніс Корсак.

2 верасня ў судзе Полацка і Полацкага раёна за «пікетаванне ў інтэрнэце» судзілі 44-гадовага кіраўцу-дальнабойшчыка Дзяніса Анцэна. У сацыяльных сетках апошні ягоны візіт датаваны 19 жніўня. Не выключана, што прыкладна тым часам мужчына быў затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, і суд за «парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» - ужо другі паводле адміністрацыйных артыкулаў.

У тым самым судзе ўчора судзілі і Дзмітрыя Радзькова. Супраць яго было высунута абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. А ў судзе Наваполацка адміністрацыйную справу Ўладзіслава Калтунова ўчора разбірала суддзя Зінаіда Балаболава. Работніка «Нафтана» таксама судзілі за «распаўсюд экстрэмізму».

Паводле Тэлеграм-канала @vitebsk_info , 2 верасня ў судах Віцебскай вобласці прайшлі агульным лікам 8 судоў паводле ч.2 арт.19.11 і ч.1 арт. 24.23 КаАП.

Міхаіл Задонскі