У судзе гораду Полацку адноўлены на працы на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно» работнік цэху № 8 Аляксей. Рабочага звольнілі з 19 студзеня нібыта за прагулы. Наймальнік заводу ў судзе пагадзіўся выплаціць работніку зарплату за час вымушанага прагулу і прапанаваў міравое пагадненьне.

22 лютага Вярхоўным судом былі распачатыя слуханьні па справе былога сенатара Ганны Шарэйкі. Член Савету Рэспублікі ў мінулым і яшчэ 6 асоб абвінавачваюцца ў перавышэньні ўлады альбо выкарыстаньні службовага становішча, што зьдзейсьніла арганізаваная група (арт. 18, ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу РБ). Шарэйка, якая калісьці займала пасаду кіраўніка Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, віны не прызнала.

На Віцебшчыне з амаль 17 тысяч заяваў аб распачынаньні загаднай вытворчасьці, што паступілі ў эканамічны суд, у 90% выпадкаў даўжнікамі зьяўляліся прадпрыемствы і арганізацыі.

17 лютага ў Маскоўскім судзе Менску адбыліся працэсы над прадпрымальніцай Ірынай Яскевіч зь Віцебску і старшынём АГП Анатолем Лябедзькам за акцыю 18 студзеня на плошчы Незалежнасьці ў сталіцы. Завочна таксама асуджаныя да штрафаў актывісты Артур Адамян і Ніна Багінская.

Бабініцкі сельскі выканкам падаў у суд на старэйшыну вёскі Стаўры за пабудаваны навес і прайграў.