Аналіз фінансавага стану арганізацыі паказаў, што яна зьяўляецца неплацежаздольнай, пры гэтым няздольнасьць выконваць фінансавыя забавязаньні набывае ўстойлівы характар. Паводле дадзеных на 1 студзеня, пратэрмінаваная запазычанасьць прадпрыемства перавысіла 6,6 мільёну рублёў, у тым ліку па абавязковых плацяжах у бюджэт – больш за 2,2 мільёну, паведамляе БЕЛТА.
Справа пра банкруцтва Полацкай унівэрсальнай базы распачатая ў кастрычніку 2017 году з ініцыятывы даўжніка. Да гэтага праўленьне Віцебскага аблспажыўсаюзу, які зьяўляецца заснавальнікам арганізацыі, прызнала працу базы нездавальняючай і прыняло рашэньне ініцыяваць працэдуру банкруцтва.
Каапэрацыйна-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Полацкая унівэрсальная база» спэцыялізуецца на гуртавым і раздробным гандлі, мае філіял «Шаркоўшчынскі кансэрвавы завод» (выпуск сідру і іншых садавінавых вінаў). Кошт маёмасьці ацэньваецца ў 14,7 мільёну. Сьпісачная колькасьць работнікаў на 1 студзеня складала 240 чалавек.