Пятніца, 29 Снежань 2017

Былы начальнік Віцебскага аддзяленьня чыгункі і дэпутат аблсавету атрымаў 7 гадоў за карупцыю

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Чванькоў Павал Чванькоў Фота: Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc

22 сьнежня суд Першамайскага раёну Віцебску прысудзіў былога начальніка УП «Віцебскае аддзяленьне Беларускай чыгункі» Паўла Чванькова да 7 гадоў пазбаўленьня волі, галоўны інжынэр прадпрыемства Павал Патапенка асуджаны на 4 гады. Суд праходзіў у актавай залі будынка аддзяленьня.

Павал Чванькоў, які таксама быў дэпутатам Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў дваццаць сёмага скліканьня, прызнаны вінаватым паводле часткі 3 артыкулу 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае зь іншай асабістай зацікаўленасьці, якое пацягнула цяжкія наступствы), часткі 2 артыкулу 210 (крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьнены групай асобаў па папярэдняй змове) і часткі 2 артыкулу 424 (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) КК, а былога галоўнага інжынэра Паўла Патапенку суд палічыў памагатым свайго кіраўніка.


Былы галоўны інжынэр Віцебскага аддзяленьня БЧ Павал Патапенка. Фота: Сяржук Серабро

Па частцы 1 артыкулу 427 КК Чванькоў і па частцы 6 артыкулу 16 і частцы 1 артыкулу 427 КК Патапенка вызваленыя ад крымінальнай адказнасьці, а вытворчасьць па крымінальнай справе па гэтых абвінавачваньнях спыненая з прычыны заканчэньня тэрміну даўнасьці.

Крымінальная справа, распачатая яшчэ ў 2015 годзе, была перададзеная пракуратуры ў студзені 2017 году, сьледчыя выявілі, што Чванькоў і Патапенка зь лістапада 2012 году па сьнежань 2013 году перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, выдаўшы загад пра перадачу Віцебскай дыстанцыяй грамадзянскіх збудаваньняў на балянс санаторыя «Чыгуначнік» ў вёсцы Малыя Лётцы Віцебскага раёну гаражоў.

Потым гэтыя гаражы рэканструявалі пад дом адпачынку павышанай камфортнасьці і лазьневы комплекс без узгадненьня з заснавальнікам. На гэта Віцебскае аддзяленьне БЧ выдаткавала каля 780 000 рублёў, што пагоршыла фінансавы стан прадпрыемства, і яму давялося браць крэдыты на набыцьцё пасажырскіх вагонаў, а таксама былі зацягнутыя тэрміны заканчэньня плянавай рэканструкцыі аб'ектаў прадпрыемства.

Акрамя таго, у кватэры і гаражы, які будуецца, Паўла Чванькова зрабілі рамонт з прыцягненьнем рабочых, транспарту, спэцыяльнай тэхнікі і маёмасьці аддзяленьня без заключэньня дамовы і аплаты выкананых работ, што пацягнула шкоду больш за 10 000 рублёў.


Канвой адводзіць Паўла Чванькова. Фота: Сяржук Серабро

Прысуд былым кіраўнікам Віцебскага аддзяленьня Беларускай чыгункі абвясьцілі ў актавай залі прадпрыемства, былых калег туды прыйшло ня шмат. Павал Чванькоў прысуджаны да пазбаўленьня волі тэрмінам на 7 гадоў з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на 5 гадоў, а таксама аштрафаваны на 6 900 рублёў. Паўлу Патапенку прызначанае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 4 гады з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на 5 гадоў, а таксама штрафу ў памеры 6900 рублёў . Канфіскаваць маёмасьць асуджаных суд ня стаў.


Асуджаных вязуць ад чыгуначнага вакзалу Віцебску. Фота: Сяржук Серабро

Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны, паведаміла афіцыйная прадстаўніца абласнога суду Натальля Платоненка.

Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc