У адкрытае судовае паседжаньне падтрымаць Яўгена прыйшлі актывісты грамадзкіх арганізацыяў полацкага рэгіёну і гораду Віцебску. Крымінальны перасьлед актывіста калегі зьвязваюць зь яго актыўнай грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Крымінальныя абвінавачваньні зьвязаныя з пасярэдніцтвам ў атрыманьні фальшывых бальнічных і позваў у міліцыю для трэціх асоб.
21 ліпеня быў апытаны адзін з грамадзян у якасьці пацярпелага, які нібыта купіў ў жніўні 2012 году падробную позву ў міліцыю, каб апраўдаць прагулы на працы. Пацярпелы блытаўся ў паказаньнях, многія падзеі двухгадовай даўніны ня мог успомніць. Яўген Парчынскі не прызнаў абвінавачваньні, зьвязаныя з махлярствам і падбухторваньнем да дачы хабараў за фальшывыя даведкі, якія вызваляюць ад працы.
Дзіўна, што крымінальныя абвінавачваньні 2009-2012 гадоў супраць Парчынскага перададзеныя ў суд толькі цяпер. У 2014 годзе ён удзельнічаў у мясцовых выбарах, але ня быў зарэгістраваны камісіяй у якасьці кандыдата. У полацкім рэгіёне Яўген вядзе актыўную працу ў грамадзкіх арганізацыях, арганізуе разнастайныя мерапрыемствы, зьдзяйсьняе інфармацыйную працу сярод насельніцтва.
Судовае паседжэньне вядзе сам старшыня Наваполацкага суду Ляўчонак Пётар Уладзімеравіч. 22 і 23 ліпеня с 10:00 прызначаныя наступныя паседжаньні суду, дзе будуць праведзеныя апытаньні сьведак і пацярпелых.