Інцыдэнт, які паклаў пачатак справе, адбыўся ў раёне аўтавакзалу Віцебску яшчэ ў сакавіку. Надзея Куканос прасіла міліцыянтаў, якія прыбылі на яе выклік, каб тыя прагледзелі запісы камэраў назіраньня і апыталі сьведак, што пацьвердзіла б факт канфлікту. Аднак супрацоўнікі міліцыі нічога гэткага рабіць ня сталі.
Пра далейшае распавядае актывістка: «У мяне адабралі мабільны тэлефон, выкруцілі мне рукі, не далі ўзяць верхнюю вопратку і даставілі мяне ў Чыгуначны РАУС. У дачыненьні да мяне былі складзеныя тры адміністрацыйныя пратаколы: паводле артыкулу 17.6 КаАП – заведама фальшывае паведамленьне, якое пацягнула рэагаваньне супрацоўнікаў міліцыі, паводле артыкулаў 23.5 і 23.4 – зьнявага супрацоўнікаў міліцыі і непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. У гэты самы дзень я была дастаўленая ў будынак суду Чыгуначнага раёну і судзьдзя Дзягода прыняў да свайго разгляду адміністрацыйныя матэрыялы».
Надзея Куканос працягвае: «13 сакавіка суд зрабіў перапынак у судовым паседжаньні да 21 сакавіка. Да 21 сакавіка я самастойна сабрала доказы ўласнай невінаватасьці: выпатрабавала дадзеныя камэры відэаназіраньня і перапісала іх на свой дыск, знайшла ўсіх сьведак і перапісала іх прозьвішчы, аплаціла ім праезд да Віцебску, заключыла пагадненьне з адвакатам і заплаціла яму».
«І вось 21 сакавіка мы дружнай кампаніяй – я, адвакат і сьведкі – зьявіліся ў судовае паседжаньне. Убачыўшы нашу кампанію, судзьдзя Дзягода, нічым не матываваўшы, судовае паседжаньне праводзіць адмовіўся. А праз 2 месяцы, 16 траўня, я атрымала ліст з позвай, зь якой я даведалася, што мне неабходна прыбыць 13 траўня ў суд. Інакш кажучы, пра месца і час правядзеньня судовага паседжаньня я належным чынам апавешчаная не была. 16 траўня па гэтай позьве я ўсё ж прыйшла ў суд і даведалася, што 13 траўня ў маю адсутнасьць, у адсутнасьць адваката, без апытаньня сьведак, без дасьледаваньня якіх-небудзь абставін зьдзяйсьненьня адміністрацыйнага правапарушэньня судзьдзём Дзягодам была сфабрыкаваная пастанова, якой ён прызнаў мяне вінаватай», – распавяла Надзея Куканос.
Цяпер рашэньне ў дачыненьні да актывісткі скасаванае. Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Сьвятлана Іванова пагадзілася з Надзеяй Куканос, што справа супраць яе вялася з парушэньнямі працэсуальнага заканадаўства. Але гэта яшчэ не канец – справа перададзеная на новы разгляд. У хуткім часе даведаемся, ці зможа актывістка абараніць сябе ў паўторным судовым паседжаньні.