«Судзьдзя пытала ў мяне: Хто пісаў, хто дыктаваў гэтую заяву, хто дапамагаў, хто? Потым была выкліканая хуткая. Я вельмі доўга сядзела на калідоры. Прыехала хуткая. Судзьдзя крычала ім: Яна можа даваць паказаньні? Далей ў шпіталі хуткай дапамогі мне зрабілі кардыяграму сэрца, зьмерылі ціск – у мяне на той момант было 180 на 100. Я вельмі абураная паводзінамі судзьдзі Цыганковай», – распавяла Людміла Савельева.
Нагадаем, у сакавіку Надзея Куканос выклікала міліцыянтаў, каб тыя абаранілі яе ад п’янай жанчыны, што чаплялася да яе на аўтавакзале Віцебску. Калі нарад міліцыі прыбыў, завадатарка канфлікту зь месца здарэньня ўжо зьнікла. Міліцыянты склалі пратакол на саму Надзею – нібыта яна зьдзейсьніла заведама фальшывае паведамленьне, якое пацягнула рэагаваньне супрацоўнікаў міліцыі, а таксама абражала міліцыянтаў і аказала ім непадпарадкаваньне.
Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Віцебску Раман Дзягода пагадзіўся з высновамі міліцыянтаў, пазначанымі ў пратаколе, прызнаў Надзею Куканос вінаватай і прысудзіў да штрафу. Аднак апошняя абскардзіла рашэньне суду, бо яна не была апавешчаная пра дату і часу пачатку судовага паседжаньня належным чынам, таму не прысутнічала на судзе ані яна, ані сьведкі зь яе боку. Абласны суд задаволіў скаргу Надзеі Куканос, і справа была накіраваная на новы разгляд.
Новы разгляд, вядзеньне якога цяпер даручана судзьдзі Цыганковай, працягнецца 5 жніўня. На гэтую дату Людміла Савельева зноў выкліканая ў суд у якасьці сьведкі…