Серада, 17 Люты 2016

Сельвыканкам прайграў суд

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Грышанаў Ігар Грышанаў

Бабініцкі сельскі выканкам падаў у суд на старэйшыну вёскі Стаўры за пабудаваны навес і прайграў.

Улетку 2015 году старэйшына вёскі Стаўры Ігар Грышанаў сваімі сіламі пабудаваў навес з лаўкай на тым месцы, куды ў вёсцы прыяжджае аўтакрама. Увосень сельскі выканаўчы камітэт ініцыяваў будаўніцтва іншай альтанкі, але выпісаў прадпісаньне Грышанаву зьнесьці сваю канструкцыю. У выніку справа дайшла да суду.

Судзьдзя Іна Віктараўна Кохава разглядала справу раніцай 11 лютага. Пасьля ўсіх выступаў суд прыняў рашэньне спыніць справу праз заканчэньне тэрміну даўнасьці. Рэч у тым, што старэйшыну вёскі інкрымінаваўся захоп зямлі, на якой быў пабудаваны навес (каля 2 мэтраў квадратных).

Паводле дакумэнтаў прадпісаньне пра парушэньне мясцовая ўлада выпісала Грышанаву 8 кастрычніка, а адміністрацыйным кодэксам прадугледжана, што пакараньне за такое парушэньне можа наступіць толькі на працягу двух месяцаў, у гэтым выпадку да 8 сьнежня. Пры тым, што пратакол на Грышанава быў складзены толькі 29 сьнежня. З пратаколам выявілася і яшчэ адна цікавая акалічнасьць. На думку суду, пратакол ад 29 сьнежня быў складзены няправільна і накіраваны ў сельвыканкам на дапрацоўку. Назад у суд пратакол вярнуўся з той самай датай – 29 сьнежня – складзены ён быў без прысутнасьці Грышанава, а замест яго подпісу стаяў запіс "ад подпісу адмовіўся", хаця, паводле словаў Грышанава, ён, нават ня ведаў, што пратакол "дапрацоўваецца". Такім чынам, выявілася, што чыноўнікі сфальшавалі адміністрацыйны пратакол.

Старшыня сельвыканкаму Марына Матвеева некалькі разоў у сваіх выступах паўтарала слова "самаўпраўства" ня толькі ў дачыненьні да альтанцы, але таксама датычна правядзеньня ў вёсцы сьвята "Купальле", стварэньня ў вёсцы "вулічкамаў".

Зразумець гэткую відавочную ўпартасьць мясцовых уладаў у барацьбе з навесам на прыпынку аўтакрамы вельмі цяжка. У Бабініцкім сельсавеце адно за адным зьдзяйсьняюцца злачынствы, гінуць людзі на пажарах. Замест таго, каб займацца гэтымі рэальнымі праблемамі, усе сілы сельвыканкаму на чале з Марынай Матвеевой кінутыя на барацьбу зь ліхашчаснай альтанкай, якая ўсяго толькі абараняла людзей ад дажджу. Тым самым сельвыканкам настроіў супраць сябе жыхароў Стаўроў, якія такой пазыцыі мясцовай улады не падзяляюць.

Крыніца: Орша.eu