Нядзеля, 13 Кастрычнік 2024

Мінімум 11 «экстрэмісцкіх» адміністрацыйных спраў разгледзелі суды Віцебшчыны на гэтым тыдні

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мы ведаем толькі тую інфармацыю пра судовыя працэсы, якая базуецца на дадзеных з адкрытых крыніц. Але вядома, што шмат якія суды за «распаўсюд экстрэмізму» праходзяць па-за раскладам. Людзей затрымліваюць і судзяць цягам 72 гадзін, не ўносячы гэтыя звесткі ў расклады працы судоў на сайце электроннага судаводства.

7 кастрычніка

- у судзе Мёрскага раёна судзілі Надзею Палуеву, на якую быў складзены пратакол паводле ч.2 арт.19.11 КаАП. «Экстрэмісцкую» справу разбірала суддзя Ірына Яскевіч.

8 кастрычніка

- у Докшыцах судзілі пераможцу раённага конкурса «Настаўнік года-2014», намесніцу дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы Парплішчанскай сярэдняй школы Наталлю Крук. На яе быў складзены пратакол за «распаўсюд экстрэмізму» паводле ч.2 арт.19.11 КаАП. У школе ў Порплішчы Наталля Мар'янаўна выкладае гісторыю і грамадазнаўства, а таксама ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах прафесійнага майстэрства.

- У судзе Оршы і Аршанскага раёна судзілі Станіслава Лапацінскага і Пятра Кахно. Справы, распачатыя супраць абодвух «за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» разбірала Ганна Кубракова.

9 кастрычніка

- да арышту на 10 сутак быў асуджаны ксёндз Юры Бараўнёў з Крулеўшчыны. У раскладзе суда Докшыцкага раёна, апублікаваным на сайце электроннага судаводства, звестак пра суд над ім так і не з'явілася. Гэта яшчэ раз сведчыць пра памкненне праводзіць суды над затрыманымі «явачным парадкам», пазбягаючы пільнай увагі з боку грамадскасці.

Святара, затрыманага 7 кастрычніка, прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

- У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска разбіралі справу Барыса Аўлукова, кіраўніка віцебскай рыэлтарскай агенцыі. Паводле ч.2 арт.19.11 КаАП яго судзіў Уладзімір Царыкаў.

10 кастрычніка

- у судзе Оршы і Аршанскага раёна за «распаўсюд экстрэмізму судзілі Валерыя Сіняўскага і Валерыю Вінаградаву. Іх справы, распачатыя паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП, разбірала суддзя Ганна Кубракова.

- у суд Віцебскага раёна выклікалі дызайнерку адзення Наталлю Крэміс. Суддзя Міхаіл Зубеня разбіраў справу, распачатую супраць яе паводле ч.2 арт.19.11.

64-гадовую Наталлю Крэміс, ураджэнку аграгарадка Акцябрская, сёлета ў жніўні ў Віцебскім абласным судзе прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 361-4 (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці). Выглядае, што суддзя Яўген Буруноў асудзіў яе да «хатняй хіміі». Вырак жанчына не абскарджвала. 3-га верасня яе ўключылі ў спіс асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

11 кастрычніка 
- у гарадскім судзе Наваполацка  судзілі  
Валянціну Кабеляцкую. Яе справу, распачатую паводле ч.2 арт.19.11 КаАП, разбірала суддзя Наваполацкага гарадскога суда Зінаіда Балаболава;

- у судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска "за экстрэмізм" судзілі Юрыя Валюшкіна, жыхара Віцебска. Яго адміністрацыйную справу  разбіраў Уладзімір Царыкаў.



Наталля Маёрава