Субота, 30 Сакавік 2024

У Шуміліне звольнілі настаўніцу ангельскай мовы, а прафсаюз застаўся ўбаку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Старшыня суда Шумілінскага раёна суддзя Алена Сініцкая 11 сакавіка адмовілася аднавіць на працы і выплаціць заработную плату за час вымушанага прагулу настаўніцы англійскай мовы не члену прафсаюза Юліі Віеру. Адказчыкам у гэтай грамадзянскай справе была адміністрацыя шумілінскай СШ №1 у асобе дырэктара школы Вольгі Далецкай.

Згодна з загадам дырэктара ад 08 студзеня 2024 г. Юлія была звольненая ў сувязі з адсутнасцю на працоўным месцы 30 снежня 2023 года больш за тры гадзіны на працягу працоўнага дня без уважлівых прычын.

Звольненая ў судзе ўказала, што лічыць звальненне незаконным, бо ў адпаведнасці з планам працы настаўнікаў на 30 снежня яна як класны кіраўнік наведвала сям'ю "праблемнага" вучня.

У іскавай заяве педагог настойвала на тым, што ў парушэнне нормаў Працоўнага кодэкса з ёй не быў своечасова ў дзень звальнення праведзены канчатковы разлік, а таксама быў не аплачаны адзін працоўны дзень.

Адказчык у судовым пасяджэнні іскавыя патрабаванні не прызнаў, указаўшы, што істцом быў здзейснены прагул, за што загадам дырэктара ад 8 студзеня 2024 года да істца прыменена законнае дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе звальнення.

Пры гэтым 30 снежня, г.зн. у перыяд «зімовых» канікулаў, урокі ў школе не праводзіліся і яе адсутнасць не аказалі негатыўнага ўплыву на адукацыйны працэс, а правы навучэнцаў на атрыманне ведаў, уменняў і навыкаў не былі парушаны.

Неабходна адзначыць, што Юлія Георгіеўна на працягу ўсёй 30-гадовай працы ў СШ №1 не была прыцягнута да адміністрацыйных спагнанняў і ёсць падазрэнне, што звальненне за «прагул» з'яўляецца следствам непрыязных адносін адміністрацыяй школы да педагога.

Выслухаўшы бакі, сведкаў і меркаванне пракурора суддзя Сініцкая прыняла пазіцыю адказчыка і вырашыла адмовіць у задавальненні ўсіх законных патрабаванняў настаўніцы да адміністрацыі школы.

Дзіна Куцко