Асаблівую ўвагу блогер звяртае на тое, што «ніхто нікога не збіваў», што пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіК паводзілі сябе карэктна, а супрацоўнікі ІЧУ «імкнуцца паставіць чалавека на правільны шлях». Пра сілавікоў ён кажа, што гэтыя людзі «стараюцца зрабіць нашу краіну лепей», а пра сябе – што сам вінаваты, бо парушыў закон.
Усе гэтыя словы цяжка назвыць шчырымі пасля шматлікіх сведчанняў пра тое, як у ІЧУ так заных «палітычных» змушаюць спаць без матрацаў, як ладзяць праверкі па 3-4 разы за ноч і пазбаўляюць перадач з самым неабходным – прадметамі асабістай гігіены, не кажучы ўжо пра пітную ваду і ежу.
Напрыканцы «пакаяльнага» відэа Віталь Усціновіч заклікае ўсіх падпісвацца на Тэлеграм-канал «Северная столица», дзе перыядычна дэманструецца саматужная «кінапрадукцыя» падобнага кшталту. Прыкладам, ролік з ягоным «адзелам» змантаваны так, што спачатку Усціновіча паказваюць на фоне плакатаў супраць экстрэмізму, дзяржаўнага сцяга і сцяга Віцебскай вобласці, а ў канцы - на фоне надпісу "Дзякуй вам, хлопцы". Такім спецыфічным «міліцэйскім гумарам» аўтары спадзяюцца спадабацца глядацкай аўдыторыі.
Для відэаблогера цяперашні арышт – ужо не першы. Два гады таму ён здымаў гумарыстычныя сцэнкі з пераўвасабленнем у«деда Шоушенко», які мае вусы, размаўляе на трасянцы і ўвесь час даказвае сваім апанентам, што лепш за іх разбіраецца ў палітыцы і эканоміцы. Таксама Усціновіч выпускаў сатырычны цыкл«Ябацькіны новасти», дзе аналізаваў палітычныя падзеі ў Беларусі. Аднак пасля затрымання, ператрусу і канфіскацыі аргтэхнікі ў сакавіку 2022г. блогер публічна заявіў, што больш не будзе закранаць у сваіх роліках падзеі ў краіне і цалкам пераключаецца на відэааповеды пра рыбалку, падарожжы і дэгустацыю розных прадуктаў.
Тым не менш, у пачатку лютага 2024г. яго затрымалі за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Ягор Фірсаў