Згодна з матэрыяламі былой крымінальнай справы, у лютым 2022 года Кацярына размясціла ў сацыяльнай сетцы каментар, які «абразіў і прынізіў гонар і годнасць» Падвойскага, і нібыта быў накіраваны на падрыў аўтарытэту прадстаўніка улады.
Падставай для крымінальнага пераследу стаў факт апублікавання ў тэлеграм-канале "КіберСлівы" роліка тэлефоннай размовы ў верасні 2020 года Падвойскага з іншымі пацярпелымі па “крыміналцы”. З размовы "сілавікоў" відавочна вынікала тое, што супрацоўнікі міліцыі загадвалі суддзям, якія пакаранні выносіць удзельнікам мірных пратэстаў. Пад публікацыяй пакінулі водгукі больш за два дзясяткі чалавек, сярод якіх апынулася і Леў.
Затрымалі Кацярыну праз год, у лютым 2023 года і асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 3700 рублёў. Цяпер яна адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі №4.
У іску палкоўнік Падвойскі паведаміў суду аб тым, што злачынства Леў прычыніла яму маральную шкоду, якая выявілася ў маральных перажываннях, звязаных са знявагай яго як асобы і службовай асобы, якая ацэньвае ў памеры 2 500 рублёў. Таму ісцец просіць суд спагнаць з Леў на яго карысць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды і пералічыць іх на разліковы рахунак школы. Пры гэтым ніякіх доказаў аб сваіх пакутах і знявагах суду не прадставіў.
Трэба адзначыць пра тое, што судовае паседжанне прайшло без удзелу міліцыянт, бо ён пісьмова хадайнічаў аб разглядзе справы ў яго адсутнасць, іскавыя патрабаванні падтрымлівае ў поўным аб'ёме.
Палітзняволеная Леў, як адказчык, у судовым паседжанні пазоў не прызнала, з матывамі пазову не была згодная. Яна патлумачыла суду што яна ўжо атрымала максімальнае пакаранне за здзейсненае ёю дзеянне і адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, прызначаны па прысудзе суда штраф цалкам выплаціла.
Асуджаная заявіла аб тым, што ў поўнай меры загладзіла сваю віну перад пацярпелым. Не згодная з памерам маральнай шкоды, і лічыць яе не адпаведным цяжару здзейсненага ёю злачынства. Прасіла суд, з улікам яе матэрыяльнага становішча, знізіць памер кампенсацыі маральнай шкоды да 500 рублёў.
Заслухаўшы тлумачэнні адказчыка, даследаваўшы пісьмовыя доказы, суддзя Калінічэнка пастанавіла спагнаць з Леў на карысць Падвойскага грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры дзве тысячы пяцьсот рублёў, а таксама ў даход дзяржавы пошліну ў памеры 111 рублёў.
Вольга Пратасевіч