Нядзеля, 25 Люты 2024

Жонку палітвязня Арцёма Ляшнеўскага асудзілі за атрыманне дапамогі ад дабрачыннай сеткі INeedHelp

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

1 лютага суд Оршы і Аршанскага раёна разбіраў справу пра парушэнне заканадаўства аб замежнай дапамозе. Жонку палітвязня асудзілі да штрафа памерам 1000 рублёў за атрыманне дапамогі на суму 1157 рублёў 11 капеек. Паводле высноваў суду, жанчына «стварыла пагрозу нанясення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, выражаную ў публічнай заведама неправамернай легітымізацыі дзеянняў асоб, якія здзейснілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім статусу палітвязняў, незаконным нівеляванні наступстваў прыцягнення да адказнасці» .

У судзе прагучалі звесткі пра тое, што жонка палітзняволенага зносілася з прадстаўнікамі экстрэмісцкага фарміравання – прадаставіла яго прадстаўнікам звесткі пра судзімасць мужа, і ў перыяд с целью получения з 26.02.2022 па 26.05.2023 «атрымала і выкарыстала ў асабістых мэтах дабрачынную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў», за якія сетцы «Эўраопт» заплацілі з-за мяжы.

Арцём Ляшнеўскі — жыхар Барані, які працаваў на аршынскай чыгунцы машыністам. Ён быў асуджаны паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) за тое, што ў адной з сацсетак пакінуў абразлівы каментар у адрас гродзенскага даішніка Вайцяшонка.

На судзе пацярпелы супрацоўнік ДАІ адмовіўся ад маральнай кампенсацыі і прасіў строга не караць Арцёма, а эксперты доўга не маглі даказаць, што абразлівы каментар датычны менавіта Вайцяшонка, бо напісаны ён быў вельмі абстрактна, без указання імёнаў.

2 лютага 2022 г. суддзя Святлана Кузьмічонак прызначыла Арцёму Ляшнеўскаму ў якасці пакарання два з паловай гады "хіміі". Менавіта такі тэрмін для абвінавачанага запрошваў і пракурор. Ляшнеўскі адбывае пакаранне ў Ваўкавыску ў ПУАТ № 29.

Аляксей Грыбоўскі