Чацвер, 10 Жнівень 2023

Супрацоўніцу Талачынскага лясгаса аштрафавалі на 1110 рублёў «за экстрэмізм»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Штраф Вікторыі Казун, маці траіх дзяцей, 21 ліпеня прысудзіла суддзя Талачынскага райсуду Наталля Барысавец. У той самы дзень у Талачынскам райсудзе была асуджана да такога самага штрафу яшчэ адна жанчына з трыма дзецьмі – Вольга Кубарская. Яе судзіла Алеся Саян, якая толькі нядаўна пачала кар“еру суддзі. Абедзьвюх жанчын аштрафавалі з распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў – рэпосты ў сацыяльных сетках з інтэрнэт-рэсурсаў, якія ў Беларусі прызаныя «экстрэмісцкімі».

Вікторыя Казун, згодна з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, распачатай паводле ч.2 арт 19.11 КаАП, мела на сваёй старонцы ў «Одноклассниках» паведамленні аднаго са СМІ, прызнанага «экстрэмісцкім». За гэта суд аштрафаваў яе на 30 базавых велічынь.

Два гады таму Вікторыя Казун была гераіняй артыкула «Как совместить воспитание троих детей и работу помощника лесничего, знает Виктория Казун, которая уже 16 лет трудится в Толочинском лесхозе». Артыкул быў надрукаваны ў абласной газеце «Витебские вести» напярэдадні 8 сакавіка. У ім жанчына распавядае, што рана засталася без маці, скончыла Полацкі дзяржаўны лясны каледж, на працы ў Талачынскім лясгасе пазнаёмілася з будучым мужам, і цяпер у сям“і выхоўваюцца трое дзяцей (16, 9 і 6 гадоў на дадзены момант).

Згодна з рашэннем суду, шматдзетная сям“я мусіць выдаткаваць са свайго невялікага бюджэту 1110 рулёў на пагашэнне штрафу, а таксама суддзя Наталля Барысавец пастанавіла канфіскаваць тэлефон у Вікторыі Казун.

Лявон Каляда